Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі

Размер шрифта:   13
Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі

Переводчик Леанід Лаўрэш

© Цітыюс Юльян, 2024

© Леанід Лаўрэш, перевод, 2024

ISBN 978-5-0064-8096-4

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Пра доктара Юльяна Цітыюса

Доктар Юльян Цітыюс (1819—1898), сын віленскага рэстаратара Аўгуста Цітыюса (? —1839), быў у Вільні вельмі вядомай асобай. Працаваў ён у віленскіх шпіталях Савічы і св. Якуба, быў членам Віленскага дабрачыннага і Віленскага медыцынскага таварыстваў. З'яўляўся вядомым калекцыянерам. Пасля заканчэння Віленскай медыцынскай акадэміі Цітыюс вучыўся ў самых вядомых прафесараў у Празе, Лондане і Вене. Пасля вяртання ў Вільню ён ужываў самыя перадавыя метады лячэння, заслужыў давер, любоў і ўдзячнасць пацыентаў. Юльян Цітыюс лячыў не толькі заможных, але і бедных пацыентаў і не проста бясплатна, але нават часта сам матэрыяльна падтрымліваў іх.

Рис.0 Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі

Ніжэй падаецца пераклад успамінаў доктара Цітыюса, якія друкаваліся ў 1922 г. у віленскім «Пшэглёндзе Віленскім» і каментары Уладзіслава Талочкі (1887— 1942) да часткі ўспамінаў віленскага доктара, якія надрукаваны ў тым жа выданні.

Перакладчык і складальнік кнігі Леанід Лаўрэш

З успамінаў д-ра Юльяна Цітыюса1

Ад рэдакцыі «Пшэглёнда Віленскага»:

Пра ўспаміны д-ра Юльяна Цітыюса (1820—1898) напісаў др. Юзаф Бялінскі ў №10 «Тыгодніка Віленскага» за 1911 г. Успаміны Цітыюса – фаліянт у 42 аркушы ў скураной вокладцы, напісаны добрым почыркам, захоўваецца ў бібліятэцы імя Урублеўскіх. Успаміны ахопліваюць значную частку XIX ст., змяшчаюць цікавыя матэрыялы пра незвычайна разгалінаваныя стасункі папулярнага ў Вільні лекара і маюць не толькі аўтабіяграфічную, але і гістарычную каштоўнасць. Не чакаючы поўнага выдання гэтых мемуараў, пачынаем друкаваць цікавыя фрагменты ў храналагічным парадку, так, як іх запісваў сам аўтар.

Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша

1.

1838 г. памятны тым, што вясной памёр слаўны доктар і прафесар Віленскай акадэміі Андрэй Снядэцкі2, брат астранома Яна Снядэцкага3, які шэсць гадоў быў рэктарам універсітэта і памёр, здаецца, у 1830 г.

Імяніны Андрэя студэнты апошні раз святкавалі ў 1837 г. у мурах клінікі, дзе ён выкладаў практычную медыцыну. Зала была аздоблена пальмамі і кветкамі, і сярод іх стаяў бюст шаноўнага віноўніка свята. Выступалі на лаціне, але апошняя прамова студэнта старэйшага курса Адама Пянкевіча была імправізацыяй, якая пачыналася наступнай страфой:

Штодзень даўні ўклад знікае,

Штодзень да новага заве,

Ды сістэма Каперніка трывае,

Ды тэорыя Снядэцкага жыве.4

Прычынай яго смерці была язва на карку. Ганаровае пахаванне ў касцёле св. Яна. Знакаміты прамоўца кафедры, ксёндз Людвік Трункоўскі, сказаў прамову, а труну вучні неслі ажно да Вострабрамскай рагаткі, дзе яе паклалі на воз і павезлі ў маёнтак Болтупі ў Ашмянскім павеце5. У памяць пра Снядэцкага, злева ад паштовага тракту, студэнты насыпалі курган. Было мала рук і часу, таму гэты курган не стаў сапраўдным помнікам пасярод суседніх пагоркаў.

Калі імправізаваная праца падыходзіла да канца, пайшоў вясенні дождж і ўдарылі маланкі. Тлум асоб рознага ўзросту, полу і стану хутка вярнуўся ў горад.

Анекдот па тэме.

Была тады ў Вільні пры Акадэміі тыповая і папулярная ў горадзе рэстарацыя панны Ганны Хольснер. У зале шмат гасцей. Уваходзіць тоўсты пан, бландзін з вусамі і ў віц-мундзіравым фраку і падае ў крэсла, выціраючы пот з румянага твару. Вітае знаёмых і кажа: «Але і змучыўся! Спачатку сагрэўся, а потым дождж мяне заліў. Ажно за горад праводзіў калегу».

На гэта адзін з сучаснікаў, хуткі і праўдзівы, не апошні ў Вільні чалавек (Шкультэцкі) адказаў: «Ты – асёл, калі называеш Снядэцкага сваім калегам. Не кажы так, бо ўсе будуць смяяцца». «Брава, Шкултэцкі!», – закрычалі ўсе тыя, хто вяртаўся з пахавання.

Нефартунны ягамосць аднак усё ж у нейкім сэнсе быў калегам, бо выкладаў студэнтам акадэміі курс… коннай язды, г. зн. быў прафесійным бярэйтарам. Ён заўсёды насіў прафесарскі віц-мундзір, прозвішча яго было Хебах, і паходзіў ён з Кракава.

1844. У траўні, падчас прыезду ўдзельнікаў на так званыя кантракты, інтэлігентныя аматары давалі дабрачыннае тэатральнае прадстаўленне ў Вялікім тэатры які знаходзіўся на Віленскай вуліцы. Тады гралі камедыю графа Ал. Фрэдры6 «Помста». Прыпамінаюцца былыя ўніверсітэцкія часы. Каля 1820 г. аўтар – арыстакрат адмыслова напісаў свой твор у 5 ці 6 актах. У горадзе распаўсюдзіліся лісты з не зусім прыстойным вершыкам:

  • Перад святасцю намеру хай укленчыць кожны,
  • Для любові бліжняга і… паплакаць можна.7

З часам існаванне тэатра пачало камусьці муляць. Было вырашана ўжываць рускую мову разам з польскай і з даходаў горада заплаціць на гэта 3000 руб. Але цывільны губернатар пажадаў купіць гэты тэатр і патрабаваў не малых рэпарацый у памеры 12 ці 14 тысяч рублёў за гмах і плошчу перад ім. Гаспадыня (Кажынская)8 не пагадзілася, і яе зяць хутка перарабіў верхні паверх тэатра ў кватэры, а ніжні ў аптэку (Мікутовіча) і крамы.

Паўвека гэта быў дом муз. Пабудаваны Мараўскім у 1796 г. і прададзены яго ўдавой знакамітаму акцёру і антрэпрэнёру Мацею Кажынскаму, які са сваёй віленскай операй ездзіў у Пецярбург і Маскву. Першы публічны тэатр у Вільні адчыніў слаўны Войцех Багуслаўскі ў 1785 г. у палацы Аскеркі, які потым быў перароблены Мікалаем Абрамовічам і набыты для віленскіх губернатараў.

1846. Адкрыццё дзяржаўнага польска-рускага тэатра ў вялікай зале Ратушы, дзе адбываліся соймікі і канцэрты.

Цывільны губернатар Жарабцоў чынна гэтым займаўся. У абодвух канцах зала былі збіты каланады, усталявана сцэна і на слупах зроблена ложа. Вось ужо паўвеку, на шчасце, не было пажару, і тая ложа ўсё гэтак жа трымаецца на драўляных слупах.

Пра гэты зал з захапленнем успамінаў у Дрэздане слаўны скрыпач Караль Ліпінскі9, і ўсе спявачкі таксама хвалілі цудоўную акустыку. Тут горад даваў баль для цара Аляксандра І.

1848. Зачынены заслужаны інстытут спадарыняў Герман, у якім шмат бедных дзяўчатак бясплатна атрымала адукацыю. Гэтыя шляхетныя людзі сталі ахвярай інтрыг.

Год запомніўся страшнай халерай улетку.

1851. 17 кастрычніка смерць пачцівага прафесара Віленскага ўніверсітэта, а потым Віленскай акадэміі Фелікса Рымкевіча10. Меў незвычайную памяць. Слаўны Андрэй Снядэцкі называў яго «ходнай бібліятэкай».

Пасля смерці Снядэцкага Рымкевіч быў абраны дырэктарам клінікі ўнутраных хвароб, а пасля забароны ўніверсітэта і акадэміі не прыняў прапановы працаваць у іншых універсітэтах. З Абіхтам11 меў братэрскае сяброўства з маладосці да труны. Калі яшчэ не быў жанаты, разам з ім улетку жыў ў прыгожых Маркуцях. Абодва мелі праўдзівы і лагодны характар. Пагарджалі самым нявінным шарлатанствам і былі ўзорам для цэлага пакалення практыкуючых лекараў, іх глыбока шанавалі, а пад стараць нават любілі.

Дзякуючы ім, я маю свае прынцыпы і веды.

Рымкевіч пасля адпачынку і лекавання ў Бадзе-Кісінгене паехаў лячыцца ў Лондан, але дарэмна, бо рак страўніка невылечны. Абіхт закрыў яму вочы. Халодны быў чалавек, але заплакаў.

1855. 27 траўня шляхта Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губерняў сустрэла Назімава12 прыгожым балем у залах дома Мюлера (потым Шышкі, зараз яго зяця Слатвінскага), дзе раней была Рэсурса13.

З-за манаршай ласкі мелі вялікую радасць ва ўсім краі, бо цар прыслаў чалавека справядлівага, праўдзівага і сардэчнага. Яшчэ ў 1841 г. ён выявіў інтрыгі некалькіх вышэйшых чыноўнікаў, якія з дапамогай сфальшаваных сведчанняў абвінавацілі мноства заможных і ўплывовых асоб і трымалі іх у вязніцы больш за год.

Назімаў расказаў цару Мікалаю ўсю праўду, і цар, які на пачатку не паверыў, паслаў у Вільню генерал-ад'ютанта Кавеліна14, які выпусціў нявінных з турмы15. […] Пасля гэтага Назімаў атрымаў чын генерала світы. […]

Калі б на тым вясёлым балі (я быў на ім) знайшоўся нейкі прарок, які б сказаў: «Роўна праз сем гадоў тут у Вільні будуць стаяць шыбеніцы і пацячэ кроў вінаватых і невінаватых. Ухіліцеся ад гэтага, покуль яшчэ магчыма, вы бацькі сямействаў!» – усе палічылі б яго за вар'ята, за шаленца. Аднак ідэі Гарыбальдзі і Мераслаўскага16 з Варшавы прыйшлі на ціхія вулачкі Вільні. Маладое, недасведчанае пакаленне не паслухала старэйшых, бацькі спрабавалі з імі змагацца, але дэкламацыі, запал і энергія моладзі перамагалі.

Толькі Назімаву Вільня павінна быць удзячнай за чыгуначную лінію, бо па планах французскай кампаніі, каб скараціць шлях, чыгунка на ўчастку ад Пецярбурга да Гародні павінна была абмінуць Вільню. Таксам яму трэба быць удзячным за набярэжную Віліі, сквер каля Кафедры і перанос Берасцейскага кадэцкага корпуса з Масквы ў Вільню. А яго жонцы трэба быць удзячнымі за школу швачак і краўчых, якая атрымала назву Вострабрамскай і ў якой да 50 бедных дзяўчынак вучыліся на поўным утрыманні і мелі навуку за кошт гэтай спадарыні.

2.

1856. На пачатку жніўня я з мітрапалітам Жылінскім17 выехаў праз Мінск і Бабруйск у Маскву на каранацыю. Па дарозе, у Лебедзеве, у шамбеляна Ц. Цывінскага пазнаёміўся з маладзенькім доктарам Зянонам Цывінскім, які толькі што прыехаў з Масквы, а ў Радашковічах з інтэлігентнай спадарыняй В. Паміж Мінскам і павятовым горадам Ігуменам мы на цэлы дзень спыніліся ў прыгожай і стаўшай нядаўна вядомай рэзідэнцыі Дукоры, маёмасці шматгадовага маршалка Мінскай губерні Оштарпа18. Ён быў агульнавядомы сваёй гасціннасцю. Чаго там не было! Уласны аркестр, з Мінска часта прыязджаў польскі тэатр ці конны цырк. Пасля пераносу Віленскай акадэміі ў Кіеў ў Дукоры ціха жыў «як быццам калега» Снядэцкага Хебах, ён служыў настаўнікам коннай язды для трох дачок маршалка.

Дасціпны, але трошкі зласлівы паэт, у старасці страціўшы зрок, аўтар надрукаваных эпіграм Ігнат Легатовіч19, увекавечыў гэту рэзідэнцыю двухрадковым вершам:

  • Па смерці Оштрапа ў Дукоры
  • Змены значныя прайшлі,
  • Паны піць перасталі ад учора,
  • А мужыкі там есці пачалі.20

Залатыя купалы «сорока сороков»21 цэркваў асляпілі нас здалёк. Чароўны від з гары, з якой ішла ўніз дарога. Сонца свяціла нам у спіны і перад сваім заходам асвяціла горад, які раскінуўся перад намі, а іскры золата на купалах мігацелі і блішчэлі так, што трэба было прыжмурваць ці нават заплюшчваць вочы. Толькі адсутнасць сіняга мора, як у Басфоры, падказвала, што перад намі Масква, а не Канстанцінопаль.

У той час была не надта моцная эпідэмія халеры. Але мне давялося лячыць ад халеры нашых землякоў, якія таксама прыехалі сюды: гр. Рэйнальда Тызенгаўза, маршалкаў Дамейку22 і Станіслава Хамінскага, а таксама Калікста Ажэшку23. Усе яны выздаравелі.

Ажэшка і Дамейка як губернскія маршалкі запрашаліся да міністра ўнутраных спраў Ланскога24, дзе іх сакрэтна агітавалі за вызваленне сялян. Рускія маршалкі і саноўнікі працівіліся гэтаму, і на іх чале стаяў міністр дзяржаўнай маёмасці Міхаіл Мураўёў25. Нашы нагадалі, што віленскія соймікі яшчэ ў 1818 г. хацелі даць сялянам волю, але тагачасны генерал-губернатар соймікі закрыў, а маршалка Міхала Ромера26 арыштаваў.

На дадзеным нам літаратурным вечары да мяне падышоў нейкі спадар і сказаў: «Вы з Вільні, і мы можам размаўляць па-польску». Гэты быў Каткоў27, які праз сем гадоў атрымае вядомасць. Каткоў меў першую жонку польку з Любічанкоўскіх, сястру двух братоў – дактароў. Пасля яе смерці жаніўся з княжной, з якой меў цэлы тузін нашчадкаў.

1857. Падарожжа за мяжу. Меў вялікі смутак. Мой калега па шпіталю св. Якуба і галоўны лекар Юльян Машынскі (бацька сучаснага доктара Стэфана Машынскага), пасля кароткай хваробы (флебіт) памёр. Калі выязджаў з краю, ён праводзіў мяне за горад, потым мы перапісваліся, нават калі я быў у Парыжы. Смерць забрала майго добрага сябра і выдатнага, паважанага грамадствам лекара. Яго смерць зрабіла бессэнсоўнай маю працу ў шпіталі. Паветра там не для мяне. Часу забірала шмат, а аплата малая. Жадалі прызначыць галоўным лекарам мяне, але я не пагадзіўся, тым не менш на працягу года выконваў гэтыя абавязкі. У 1858 г. расстаўся са шпіталем, адпрацаваўшы 8 гадоў у шпіталі ў Савічах (толькі ўнутраныя хваробы) і 8 гадоў у шпіталі св. Якуба (хваробы ўнутраныя і акушэрства). Пасля гэтага заняўся прыватнай практыкай у горадзе.

У тым жа годзе пайшоў у вечнасць заслужаны, светлы і самы папулярны віленскі практык др. Францішак Урублеўскі, некалі ад'юнкт прафесара Франка28, чалавек рэдкай сціпласці.

Пераезд у Варшаву на пасаду дырэктара оперы шляхетнага сябра і знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі29. Пазнаёміліся мы за 20 гадоў да гэтага, калі з Мінска праз Вільню ў Берлін ён ехаў у кансерваторыю, дзе слаўны ў той час прафесар Рунгенхаген быў яго настаўнікам. У канцы 1840 г. пасяліўся ў Вільні. Граў на Святаянскіх арганах, пісаў спеўнікі (6 сшыткаў), кантаты (Мільда і Ніёла, тэкст з літоўскай міфалогіі), якімі сам дырыжыраваў. Пярлінай сярод іх была «Галька», якая першы раз ставілася ў Вільні 16 лютага 1854 г., а ў Варшаве ў 1858 г., калі аўтар пераехаў туды30.

Для мяне ад'езд гэтага мілага, светлага чалавека з рэдкім досціпам быў стратай, якую немагчыма забыць. Гэта была страта для ўсіх, хто любіў музыку і асабліва для спевакоў-аматараў, якія спявалі кампазіцыі Манюшкі на музыкальных вечарах, гэткіх асоб як Боландзь, Ільцэвіч ці прафесар Цілях, які меў самы прыемны тэнар у Вільні. Маю шмат запісак Манюшкі, мы дзяліліся ўражаннямі і бавіліся імправізаванымі вершамі.

1858. Памятаю наведванне Вільні ў верасні царом Аляксандрам І. Ён першы раз прыехаў у наш горад і быў з энтузіязмам сустрэты. Заснавальнік Віленскага музея гр. Яўстах Тышкевіч31 меў гонар прымаць яго. Цар зрабіў запіс у кнігу наведвальнікаў і пахваліў зборы. Граф Міхал Тышкевіч32 за дзве мілі па дарозе на Вількамір зладзіў добрае паляванне.

У сваёй прамове да шляхты літоўскіх губерняў, акрамя іншага цар сказаў: «Дзякуй вам за удзел у справе паляпшэння быту сялян. Вы першыя паказалі ўзор, і ўся імперыя рушыла за вамі. Я ўпэўнены, што вы будзеце дапамагаць мне ва ўсім». І дадаў: «Яшчэ раз дзякую вам за сардэчны, ветлівы прыём. Мне прыемна быць у вашым атачэнні. Я спадзяюся на вас».

Прыгожы баль у шляхочым клубе. Манументальныя сходы вялі ў вялікую залу, пераробленую парыжскім дэкаратарам у рэстаранную залу.

Другі вечар Аляксандр ІІ правеў у польскім тэатры. Паказвалася камедыя з танцамі і спевамі Юзафа Кажанеўскага «Дажынкі». Актор у ролі вясковага арганіста сваім віншаваннем і ўстаўнымі спевамі (лепшы комік Малеўскі) пацешыў цара, а па-зухвальску станцаваная мазурка яму спадабалася.

Забыўся сказаць, што Музей старажытнасці ахвяраваў яму выданне, напісанае адмыслова ў памяць наведванне царом Вільні. Кніга на працягу лета выдадзена на пяці мовах як прысяга народаў Літвы. Гэты друкаваны падарунак выклікаў адмоўную рэакцыю ў Варшаве і Парыжы. Ананімных аўтараў назвалі адступнікамі. Не хапіла розуму ці такту зразумець, што малады манарх, пасылаючы Назімава ў Вільню, засведчыў, што будзе шанаваць наш народ, калі мы будзем вернымі манарху33. Ён на тым балі падчас вячэры, з правага боку меў гаспадыню, маршалкавую Гарадзенскай губерні Ажэшку (з Скірмунтаў), а з левага – генерал-губернатара Назімава і пасярод размовы па-французску са спадарыняй Ажэшкай размаўляў па-польску.

1859. Нарэшце, праз 5 гадоў, Вільня зноў убачыла паўсюдна любімага і шанаванага доктара Райкоўскага. Выязджаў ён у Ніжні, потым у Парыж, дзе пільна вывучаў навінкі медыцыны і акулістыкі.

Канец лета правёў у Варшаве ў жонкі міністра і сенатара Вычахоўскай-Гізэ. Тут пазнаёміўся з графам Андрэем Замойскім34. Калі зрабіў яму заўвагу, што запал моладзі можа прывесці да… паўстання, граф з жывасцю ўскочыў з крэсла і, заломваючы рукі, закрычаў: «Хай Пан Бог ад гэтага нас бароніць!».

1860. Смерць прафесара медыцыны ва ўніверсітэце, а потым Віленскай акадэміі Адольфа Абіхта. 3 жніўня. Гэты шляхетны муж заўсёды стаяў на варце чысціні і святасці навукі Гіпакрата. Як прафесар паталогіі, гэтай філасофіі медыцыны, выкладаў з непараўнальным талентам. У кароне нашых прафесараў Абіхт быў самай дарагой пярлінай. Глыбокі мысляр, меў паэтычны склад душы, любіў прыгожую прыроду і музыку. Любоў да праўды і інтэлект прыносілі яму перамогі падчас кансультацый з іншымі лекарамі. Ён паважаў сваю прафесію і ствараў з усіх нас адзіную сям'ю. Рана пазнаў людзей, а пра сабе заўсёды казаў цытатай Лафантэна: «Да пары збан ваду носіць, покуль не паб'ецца». Мой добры калега Станіслаў Вікшэмскі прыгожа прамовіў над яго магілай.

У першыя дні кастрычніка цар Аляксандр ІІ прыбыў у Вільню па праведзенай з Дынабурга чыгунцы, якая яшчэ не працавала для грамадства. Генерал-губернатар прыняў гэта як доказ царскай міласці да горада, які пакінуў у цара добрыя ўспаміны пры папярэднім наведванні. На жаль, калі гэта вестка дайшла да Варшавы, наш палітычны гарызонт пакрыўся хмарамі. Галоўныя жыхары горада і свецкія дамы атрымалі ананімныя лісты з забаронай быць на балі з царом, гэтыя лісты я сам чытаў.

Дайшло да таго, што Назімаў быў вымушаны папярэдзіць Аляксандра… Назімаў хацеў зрабіць баль у памяшканні цывільнага губернатара для высокага госця і прыбыўшага з ім вялікага князя Саска-Веймарскага (стрыечнага брата цара), князя Гессен-Касельскага (швагер цара) і двух прускіх князёў, бо свой палац уступіў цару. Я быў на тым балі і бачыў толькі некалькі мясцовых дам. Цар танцаваў з імі паланезы і доўга размаўляў са старой сяброўкай Аляксандра І, знакамітай акторкай, графіняй Шуазёль-Гуф'е (з Тызенгаўзаў)35.

Прымаючы на ранку ў палацы шляхту і чыноўнікаў, цар не прамаўляў, а гутарыў толькі з адным князем Агінскім36, бацькам Міхала і Багдана.

3 кастрычніка ў прысутнасці цара адбылася цырымонія асвячэння Віленскага (Панарскага) тунэля. Выйшаўшы з вагона перад тунелем, цар падаў руку пані Назімавай, а міністр камунікацый генерал-ад'ютант Чэўкін37 графіні Шуазель і г. д. Мы прайшлі праз ілюмінаванае падзямелле, усярэдзіне якога стаяў алтар. Вясенняе сонца спаборнічала з французскай ілюмінацыяй (менавіта французы будавалі гэтую чыгунку), і праз гадзіну тунель адчынілі для грамадскасці. Гумор манарха таксама быў сонечны, не такі як учора падчас абеду ў палацы. Тады шэф жандараў князь Даўгарукаў сказаў губернскаму маршалку Аляксандру Дамейку, які ўжо сыходзіў: «Прашу пачакаць, цар хоча вам нешта сказаць». Хутка разам з Даўгарукім цар выйшаў з кабінета і пачаў размову. Прайшло ўжо 32 гады пасля гэтага дня, у які Дамейка сам мне расказаў пра размову (пасля абеду быў гала-тэатр, дзе мы з маршалкам і сустрэліся), і я не магу ўжо шмат што ўспомніць. А потым я не здагадаўся вярнуцца з Дамейкам да гэтай тэмы. Але вось галоўныя словы Аляксандра ІІ: «Я вамі незадаволены… я вельмі незадаволены… вы хочаце немагчымага. Скажыце ўсім… хай ведаюць тут і ў Еўропе, што тут не Польшча… Народ тут летувісы і беларусы… Мой бацька ведаў легкадумнасць палякаў, а я вам паверыў».

Успамінаю пра тэатр у кастрычніку 1860 г. Не ведаў цар, чым вечарамі забаўляць сваіх гасцей-немцаў і ўзяў іх два разы з сабой у польскі тэатр. У адзін вечар давалася камедыя Эміля Аж’е38 «Цыкута», у якой прыгожая, маладая актрыса з Варшавы Ванда Ляшчынская грала ролю прыгожай нявольніцы і нейкі рускі вадэвіль са спевамі. У другі вечар давалі камедыю за спевамі і танцамі Малецкага: «Гарохавы вянец ці мазуры ў Кракаве». Аляксандр па-сапраўднаму адпачываў і тлумачыў гасцям змест п'есы. Дырэктара і антрэпрэнёра Шлягэра цар паклікаў да сябе ў ложу, хваліў усё і падзякаваў Ляшчынскай і Анеце Пацэвіч за ігру. Першая праз год памерла ў Вільні ад сухотаў, другая пасля закрыцця віленскага тэатра, паехала ў Пецярбург, праз некага нагадала пра сябе цару («тая, што была ў ружовай сукні») і атрымала падтрымку.

Цар выехаў у Белавежу, а ў Варшаве яго чакала першая дэманстрацыя. Запахла нечым зусім не тэатральным…

У Вільні стараннямі Назімава Адаму Кіркору39 было дазволена з 1 студзеня 1860 г. выдаваць «Кур'ер Віленскі» на дзвюх мовах, але толькі афіцыйную частку ў перакладзе, частку палітычную і літаратурную – па-польску. Гэтая газета выдавалася 5 гадоў, па 1865 г. Польская мова была выкінута з яе ў 1865 г. і не генерал-губернатарам, а рэдактарам «Маскоўскіх ведамасцей» Катковым, які ганіў такую талеранцыю.

3.

1861. Год палітычных дэманстрацый.

1862. У чэрвені выехаў за мяжу, у Каралявец, Берлін, Франкфурт і Гейдэльберг, а адтуль у Парыж. Мог у верасні бясплатна паехаць на выставу ў Лондан, але мусіў вяртацца ў Вільню.

Атрымаў два лісты ад цяжка хворых сяброў, якія жадаюць бачыць мяне перад смерцю: ад арцыбіскупа-мітрапаліта Вацлава Жылінскага, майго пацыента на працягу 12 гадоў, па яго хваробе я рабіў кансіліюм з др. Райкоўскім, і ад Людвіка Кандратовіча40, якога лячыў разам з др. Станіславам Вікшэмскім. Вялебнага архіпастыра падлячылі. Ён вярнуўся ў сталіцу і жыў да красавіка 1863 г. Беднага, любімага вясковага лірніка ўратаваць не ўдалося. З жалобай усёй Вільні, у тым жа месяцы наш апошні (?) вялікі паэт назаўсёды закрыў вочы. Перад вынасам яго труны з дома (Бабацянскага, насупраць старажытнага каралеўскага млына, які ў той час яшчэ існаваў і быў зруйнаваны ў 1870 г.), старшыня Археалагічнай камісіі і Віленскага музея гр. Яўстах Тышкевіч і сівы гісторык Мікалай Маліноўскі41 паклалі на скроні паэта лаўровы вянок. Пахавалі на Росах.

1863. 10 (22) студзеня выбух паўстання ў Каралеўстве. У Літве не хацелася ў гэта верыць. На пачатку лютага ў Вільню прыбылі палкі гвардыі… Я скарыстаўся добрай прапановай суправаджаць хворую маладую даму за мяжу і пакінуў край. Генерал-губернатар Назімаў, які кіраваў у Вільні да паловы 1863 г., хоць і меў загад з Пецярбурга больш не даваць замежных пашпартоў, але выпусціў нас у Еўропу. Выехаў на два месяцы. Вярнуўся праз два гады. Не жадаў бачыць зблізку паразы і знішчэння, крыві і круцельства, якія мела Літва, і таму адразу прыняў прапанову з'ехаць, бо ўбачыў у гэтым ласку лёсу.

……

1873. Гэта была апошняя зіма для маёй найлюбімейшай маці. 6 красавіка яе чысцюткая душа пакінула гэтую юдоль плачу. Усім, што ёсць ува мне добрага, я павінен быць удзячны ёй. […]

З маладосці падтрымлівала адносіны з вяршкамі інтэлігенцыі. Знакамітыя прафесары віленскага ўніверсітэта і літаратурная моладзь часта да яе прыходзілі, чыталі свае творы ці прысвячалі свае кнігі. Было гэта паміж 1820-м і 1831-м гг.

Міцкевіча не памятаю, але імя яго было адным з першых, якое дзіцячая галава запомніла. У бібліятэчнай шафе маёй маці (з карэльская бярозы, са шклянымі дзвярмі), сярод іншых кніг было першае выданне, падараванае самім Адамам перад тым, як ён назаўсёды пакінуў Вільню (1824 г.). Гэтыя два томікі звярнулі ўвагу сямі- васьмігадовага хлопца. Пачаў учытвацца і, натуральна, не ўсё разумеў. Маці тлумачыла і расказала мне, што той, хто гэта напісаў, перад выездам на чужыну прынёс кнігі на памяць і папрасіў зрабіць пераплёт, што я меў тады чатыры гады, і ён узяў мяне на рукі і пацалаваў. «А дзе зараз Міцкевіч?» – запытаў. Адказала: «Сп. Маліноўскі (Мікалай, пазнейшы вучоны, гісторык), які разам з ім у нас бываў, учора сказаў, што ён у Маскве». На гэтых томіках, таго даўно раскупленага выдання Завадскага ў Вільні, як і на ўсіх кнігах маці, яе дарагой рукой наклеена бірка: «З кніг Ганны Цітыюс».

Памятаю, як у 1829 г. сябар і ўніверсітэцкі калега Міцкевіча Мікалай Маліноўскі прывёз для маёй маці ў падарунак ад Міцкевіча з Пецярбурга толькі што выдадзеную там гістарычную паэму «Конрад Валенрод» з трыма малюнкамі, якія мне вельмі падабаліся, і дадаў, што 15 мая Міцкевіч выехаў за мяжу.

Антона Гарэцкага42, любімага і дасціпнага байкапісца (да 1831 г.) добра памятаю як частага госця ў нашым доме. Прафесар Лелявель вучыў маю маці гісторыі, і ў 1857 г., васьмідзесяцігадовы стары, пачуўшы маё прозвішча, заплакаў.

Сябрамі бацькоў, а больш маці, былі яшчэ два высакародныя і вучоныя паэты: Ігнат Шыдлоўскі і Станіслаў Расалоўскі43, абодва былыя студэнты ўніверсітэта, памерлі: першы ў 1846 г. другі ў 1855 г.

Шыдлоўскі раней быў старшым прафесарам у гімназіі. Пасля смерці прафесара ўніверсітэта і рэдактара «Кур'ера Літоўскага» Яўзебія Славацкага, выкладаў польскую літаратуру і рыторыку. У 1818 г. Шыдлоўскі рэдагаваў «Тыгоднік Віленскі». Быў вядомы сваёй дасціпнай сатырай. З 1834 па 1843 г. выдаваў часопіс «Wizerunki i rostrzаszania naukowe». Казалі тады, што прычынай яго самотнасці і песімізму стала паэзія Міцкевіча, паважаных старых класікаў і маладых рамантыкаў.

Неяк (у 1844 г.) мая маці папрасіла яго напісаць верш да сына ад яе імя, каб можна было памясціць яго ў альбом. «Добра, пані дабрадзейка, з задавальненнем, бо візіты да вашага сына з'яўляюцца паратункам для мяне і прыносяць больш карысці, чым кансультацыі ўсяго факультэта». На раніцы прынёс наступны верш:

  • Страту бацькі ўшанаваў жалобай і слязьмі
  • Сёння можаш яго замяніць, стаўшы чалавекам,
  • Маці ў гадах і сёстры слабыя
  • Тваёй з часам запрагнуць апекі.
  • Сыне мой! Ты ўжо да свету прыдатны,
  • Нясеш хворым палёгку, ратунак, пацеху,
  • У шляхетнай прафесіі на многае здатны,
  • Не спаткаюць цябе ні бяда, ні памехі.
  • Цноты бацькі наследуй, думай пра славу,
  • Не адмоў дапамогі і ўбогім
  • Бог цябе дабраславіць, як я дабраслаўлю,
  • Асцярожнасць да шчасця пакажа дарогу.
  • Любі бліжніх! Шануй і людзей, і сябе,
  • Хай роўнай для ўсіх будзе твая дабрачыннасць,
  • Хворым нясі дапамогу ў патрэбе,
  • Хрысціяніна кожнага ёсць то павіннасць,
  • Хай яна вызначае твой кожны ўчынак,
  • У сэрцы хавай гэты маці тваёй напамінак!44

Прайшла палова стагоддзя… І слёз выцекла не мала. Закончылася жыццё маці, якая запісала гэтыя словы ў альбом. Потым прынёс ён вершы да дачок. А праз год бедны самотнік памёр. Ён сам упісаў у маю кнігу для памятных запісаў некалькі імправізацый і сентэнцый па-польску і на лаціне. У гэтых вершах хваравітая мізантропія разам з рэдкім досціпам. Напрыклад:

  • Глянь, як ад людзей уцякае,
  • Ужо схаваўся ў цемры глыбінях
  • Чаму ж Тымон гэта чыніць?
  • – Бо чалавека ён знае.45

Атмасфера паэзіі тады, з 1810 па 1830 г. і далей, напаўняла Вільню. Шыдлоўскі і Расалоўскі рэпрэзентавалі дзве сучасныя плыні. Шыдлоўскі – халодны крытык, добра ведаў лацінскую і грэцкую мовы і трымаўся старажытных формаў, а ў рэформу Міцкевіча, у так званы рамантызм не верыў. Расалоўскі, гарачы энтузіяст, не крытык і не празаік, меў моцны творчы пачатак і, пачаўшы з перакладаў старых лацінскіх майстроў, закончыў Байранам і Мурам46. Уласных твораў пакінуў няшмат.

Расалоўскі быў доктарам медыцыны, некалі адным з лепшых студэнтаў універсітэта і тытул доктара-паэта, нададзены яму грамадскасцю, не зашкодзіў яго медыцынскай практыцы.

Калі наша маці ў 1848 г. памяняла кватэру, бедны сп. Станіслаў быў вельмі хворы. Паправіўшыся, прыслаў вялікі торт, да якога быў пракладзены ліст з вершам:

  • Доўга ад вас адапхнёны
  • І людзьмі прыгнабёны.
  • Пры жыцці затрыманы воляй
  • Святога наканавання,
  • Пасля свайго вяртання
  • Вітаю вас хлебам і соллю.
  • І падзякаваўшы Богу,
  • Стаю ля вашага парога.47

Расалоўскі і Шыдлоўскі былі таксама і сябрамі Манюшкі, разам з Манюшкам мы іх абодвух і пахавалі. Потым над Віслай спачыў і аўтар «Галькі», а я, самотны, пакінуты старымі сябрамі, усё яшчэ блукаю над Віліяй…

А ў канцы снежня хавалі двух сяброў, людзей светлых і папулярных у Вільні, шляхетнага доктара Станіслава Вікшэмскага і заслужанага выдаўца кніг Адама Завадскага48.

1874. У ліпені генерал-губернатар Патапаў49 атрымаў пасаду шэфа жандараў, а на яго месца быў прызначаны генерал Альбядзінскі50. Амаль што шасцігадовае кіраванне Патапава было справядлівым і чалавечным, але ні рускія, ні палякі не былі задаволены. Пераход ад бяспраўя да панавання права быў не лёгкім.

«У Літве беззаконне і жахліва разбэшчаныя чыноўнікі» – сказаў манарх генералу, графу Баранаву51, калі ў 1866 г. пасылаў яго ў Вільню і дадаў: «Мураўёў і Каўфман52 іх разбэсцілі». Хутка граф выправіў з нашага краю 12 зверхруплівых «апосталаў» і «народнікаў». Але паколькі граф Баранаў заставаўся на пасадзе толькі паўтара года, руская прэса яго не заўважыла і за высылку ўсіх неспакойных элементаў накінулася на аднаго Патапава.

Як раней граф Баранаў цытаваў мне словы цара пра разбэшчанасць чыноўнікаў, так зараз генерал Патапаў мне іх паўтарыў і расказаў пра тое, як цар прагне «прымірэння» і якім вымушаным крокам было прызначэнне Мураўёва, які нават ужо зняты з пасады, сам, замест Каўфмана, падпісаў загад ад 10 снежня 1865 г.53

Куратар Бацюшкаў стаяў на чале інтрыгі супраць Патапава. Калі інтрыга не ўдалася і Бацюшкаў у Вільні страціў пасаду, дык быў пераведзены ў Маскву і там расказаў сваім сябрам Каткову і Аксакаву54

1 Ze wspomnień d-ra Juljana Titusa // Pregląd Wileński. 1922. №2—4. S. 2—5; 1922. №5—6. S. 2—6;1922. №5—6. S. 2—6; 1922. №7—8. S. 2—7;1922. №9—10. S. 2—5; 1922. №11—12. S. 2—6; 1922. №15—17. S. 2—5.
2 Снядэцкі Андрэй (1768—1838) – лекар, біёлаг, хімік. Прафесар хіміі Галоўнай школы Літоўскай, потым Віленскага ўніверсітэта, а пасля яго закрыцця – Віленскай медыкахірургічнай акадэміі. Старшыня Віленскага медыцынскага таварыства. – Л. Л.
3 Пра Яна Снядэцкага гл: Лаўрэш Леанід. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гісторыі. Мінск: Лімарыус, 2013. С. 75—89. – Л. Л.
4 Codzień dawny system znika, Codzień uczą nas nowego. Trwa systemat Kopernika, Trwa Teorja Sniadeckiego!
5 Андрэй Снядэцкі быў пахаваны ў драўлянай капліцы каля вёскі Гароднікі Ашмянскага павета. Захаваўся малюнак капліцы Напалеона Орды. Сучасная капліца на месцы старой пабудавана ў 1864 г. як сямейная пахавальня Снядэцкіх. – Л. Л.
6 Аляксандр Фрэдра (1793—1876), польскі драматург-камедыёграф, паэт і мемуарыст. – Л. Л.
7 Przed świętością zamiaru niech każdy uklęknie. Dla milości bliżniego i… kpem zostać plęknie.
8 Пэўна, маецца на ўвазе трэцяя жонка вядомага акцёра, спевака, дарэктара тэатра Мацея Кажынскага (1767—1823) Ганна з Кошыкаў. – Л. Л.
9 Караль Юзаф Ліпінскі (1790—1861) – вядомы скрыпач, кампазітар і педагог. – Л. Л.
10 Фелікс Рымкевіч (1799—1851) – навуковец-медык, доктар медыцыны, прафесар Віленскага ўніверсітэта. – Л. Л.
11 Адольф Абіхт (1793—1860), навуковец-медык, ардынарны прафесар паталогіі Віленскага ўніверсітэта. — Л. Л.
12 Назімаў Уладзімір Іванавіч (1802—1874), генерал ад інфантэрыі, дзяржаўны дзеяч Расійскае імперыі. Паходзіў з пскоўскіх дваран. Служыў у лейб-гвардыі, удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1828—1829 гг. Быў інструктарам па ваеннай частцы ў цэсарэвіча Аляксандра Мікалаевіча, пасля – флігель-ад'ютантам у самога Мікалая І. Займаў розныя дзяржаўныя пасады. У 1840—1841 гг. гадах быў камандзiраваны ў Вiльню, дзе старшынстваваў у следчай камiсii па справе «паслядоўнiкаў Канарскага». З канца 1855 г. – віленскі генерал-губернатар. З ягонай ініцыятывы абшарнікі Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Ковеншчыны падалі цару прашэнне аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці. Член Дзяржаўнага савета Расiйскай iмперыi (1861 г.). З 1862 г. – камандуючы войскамі Віленскай акругі. Падчас паўстання 1863 г. не пайшоў на жорсткія рэпрэсіі і быў заменены на пасадзе М. Мураўёвым-Вешальнікам. – Л. Л.
13 Рэсурса – клуб шляхты, заснавана ў 1827 г. і праз 20 гадоў зачынілася. Назімаў аднавіў дзейнасць гэтага клуба.
14 Кавелiн Аляксандр Аляксандравіч (1793—1850), ваенны i дзяржаўны дзеяч; генерал ад iнфантэрыi. Пецярбургскi генерал-губернатар (1842—1846). – Л. Л.
15 Пра гэтыя падзеі гл: Пшацлаўскi Восіп. Калейдаскоп успамінаў. Т. 2. Мінск: Лімарыус, 2012. С. 230—233.
16 Людвік Мераслаўскі (1814—1878), вайсковец, грамадскі дзеяч і літаратар, дыктатар паўстання 1863—1864 гг. у Польшчы. Пасля паразы паўстання выехаў на эміграцыю. – Л. Л.
17 Вацлаў Жылінскі (1803—1863), з 1848 г. віленскі біскуп, з 1856 г. магілёўскі арцыбіскуп і мітрапаліт. – Л. Л.
18 Леў Оштарп (1786—1851), мінскі губернскі маршалак, пабудаваў мураваны палац, завёў у маёнтку цырк з замежнымі акцёрамі, аркестр, бібліятэку. – Л. Л.
19 Легатовіч Ігнат Пятровіч (1796—1867), паэт, педагог. Магістр Віленскага ўніверсітэта (1817 г.). Выкладаў лацінскую мову ў Мінскай гімназіі (1817—1839 гг.). – Л. Л.
20 Śmierć Osztorpa w Dukorze zrobii zmianę znaczną. Panowie pić przestaną, a chlopi jeść zaczną.
21 Паводле легенды ў Маскве было «сорок сороков» цэркваў, г. зн. 1600. – Л. Л.
22 Аляксандр Дамейка (1804—1878), з 1855 г. маршалак шляхты Віленскай губерні. – Л. Л.
23 Калікст Ажэшка, у 1853—1861 гг. гродзенскі маршалак шляхты, дзядзька Пятра Ажэшкі – мужа пісьменніцы Элізы Ажэшкі. – Л. Л.
24 Ланской Сяргей Сцяпанавіч (1787—1862), дзяржаўны дзеяч; міністр унутраных спраў (1855—1861 гг.) граф (1861 г.) – Л.Л.
25 Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў (1796—1866), генерал ад інфантэрыі, дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі. Нарадзіўся ў Пецярбургу. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. З 1811 г. на вайсковай службе. Удзельнік войнаў з Напалеонам. Актыўна дзейнічаў у дзекабрысцкіх гуртках. Сааўтар статута «Саюза працвітання». У 1820-я гады адыходзіць ад дзекабрыстаў і становіцца на праімперскія пазіцыі. Быў генерал-губернатарам у Віцебску, займаў іншыя высокія службовыя пасады. Дзейсна ўдзельнічаў у задушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830—1831 гг. Шмат зрабіў для «обрусения» беларускіх земляў. Ініцыятар адмены дзеяння ў заходніх губернях імперыі Статута ВКЛ 1588 г. У знак пратэсту супраць правядзення сялянскай рэформы 1861 г. пакінуў дзяржаўную службу. Але ў сувязі з паўстаннем 1863 г. быў накіраваны генерал-губернатарам у Вільню з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. За жорсткае падаўленне паўстання атрымаў ад прагрэсіўных сучаснікаў мянушку «Вешальнік», а ад дзяржавы – тытул графа з прыстаўкай Віленскі. У сваіх «Политических записках» даваў рэкамендацыі ўраду і сваім наступнікам па далейшай палітыцы ў заходніх губернях. З 1865 г. у адстаўцы. – Л. Л.
26 Miхал Ромер (1778—1853), у 1814—1817 гг. маршалак шляхты Троцкага павета, з 1817 г. – Biленскай губерні. Прыхільнік скасавання прыгоннага права, у 1817 г. узначальваў дэлегацыю шляхты, якая безвынікова звярталася да цара з праектам адмены прыгону. У маі 1826 г. арыштаваны, зняволены ў Варшаўскай турме, потым, да 1830 г. у Петрапаўлаўскай крэпасці Санкт-Пецярбурга. У 1830—1832 гг. знаходзіўся ў ссылцы ў г. Варонеж. — Л. Л.
27 Каткоў Міхаіл Нічыпаравіч (1818—1887), журналіст, з 1856 г. рэдактар часопіса «Русский Вестник». – Л. Л.
28 Франк Юзаф (1771—1842) – доктар медыцыны, прафесар Віленскага ўніверсітэта. – Л. Л.
29 Станіслаў Манюшка (1819—1872), кампазітар, дырыжор, стваральнік нацыянальнай оперы. – Л. Л.
30 Творы Станіслава Манюшкі: Кантаты «Мільда» (1848 г.) і «Ніёла» (1865 г.), найбольш папулярная опера «Галька» (1847 г.), пастаноўкі ў 1854 г. і 2-я рэдакцыя ў 1859 г. – Л. Л.
31 Яўстах Тышкевіч (1814—1873), беларускі археолаг, гісторык і краязнавец, барысаўскі павятовы маршалак (у 1844—1847 гг.), ганаровы папячыцель Мінскай губернскай гімназіі (у 1847—1854 гг.). – Л. Л.
32 Міхал Тышкевіча (1828—1897), падарожнік, калекцыянер, археолаг-аматар. – Л. Л.
33 Маецца на ўвазе так званы «Album wileński» («Віленскі альбом»), падрабязней, гл: Фядута Аляксандр. Трэба жыць доўга і перажыць усіх: Антоні Эдвард Адынец і яго ўспаміны // Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 17—19. – Л. Л.
34 Андрэй Артур Замойскі (1800—1874), польскі дзяржаўны дзеяч. Нефармальны кіраўнік фракцыі «белых» да і ў перыяд паўстання 1863—1864 гг. — Л. Л.
35 Аўтарка ўспамінаў «Reminiscences sur l’empereur Alexandre 1-er, et sur l’empereur Napoleon 1-er.», гл: Лаўрэш Леанід. Графіня Сафія Шуазёль-Гуф'е // Лідскі Летапісец. 2020. №4 (92). С. 18—19.
36 Агінскі Ірэнеюш Клеафас (1808—1863 ці 1870), сын Міхала Клеафаса Агінскага, тайны дарадца і гафмайстар. У 1836 г. у чыне калежскага асэсара быў аддадзены пад суд па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе. Па суду апраўданы і адноўлены на пасадзе. Ковенскі маршалак шляхты, інспектар школ Ковенскага павета. Пасля смерці М. К. Агінскага ў 1833 г маёнтак Залессе перайшоў у яго спадчыну. Ірэнеюш Клеафас жыў тут са сваёй маці, пасля смерці якой ў 1851 г. перанёс рэзідэнцыю роду Агінскіх у горад Рэтаў. Быў жанаты два разы: 1) Юзафіна Каліноўская (1816—1844), дачка генерала Юзафа Каліноўскага; 2) у 1845 г. Вольга Каліноўская (? —1899), сястра папярэдняй. Сыны: Багдан Міхал Юзаф Францішак (1848—1909), з 1899 г. стацкі дарадца і Міхал Мікалай Севярын Марк (1850—1902), з 1899 г. стацкі дарадца. – Л. Л.
37 Чэўкін Канстанцін Уладзіміравіч (1803—1875), генерал ад інфантэрыі, генерал-ад'ютант. Сенатар, «главноуправляющий» шляхамі зносін і публічнымі будынкамі (1855—1862 гг.), старшыня камітэта па справах Царства Польскага (1872—1874 гг.). – Л. Л.
38 Эміль Аж’е (1820—1889), французскі драматург. – Л. Л.
39 Кіркор Адам Ганоры (1818—1886), гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец. У 1859 г. заснаваў уласную друкарню, якая выдала шмат навуковых і мастацкіх кніг. У 1859—1865 гг. на польскай і рускай мовах выдаваў і рэдагаваў газету «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»). – Л. Л.
40 Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч, 1823—1862), беларускі і польскі паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык і краязнавец. – Л. Л.
41 Мікалай Маліноўскі (1799—1865), гісторык, археограф, выдавец дакументаў па гісторыі Літвы і Польшчы. – Л. Л.
42 Гарэцкі Антоні (1787—1861), паэт, удзельнік напалеонаўскіх войнаў. Удзельнік таварыства шубраўцаў. Удзельнік паўстання 1830—1831 гг. З 1832 г. у эміграцыі. Гл: Лаўрэш Леанід. Антоні Гарэцкі – забыты паэт // Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011. C. 194—200. – Л. Л.
43 Антоні Эдвард Адынец пісаў: «Шыдлоўскі і Расалоўскі – былі ў 1820 годзе карыфеямі паэзіі ў Вільні. Іх творы кожны месяц, калі не кожны тыдзень, паказваліся адны за другімі ў „Dzienniku“, „Tygodniku“ або ў „Wiadomosciach Brukowych“. Праўда, рэдактары не плацілі ім за іх, але ўжо прынамсі не лічылі за ласку іх прымаць і друкаваць, як гэта звычайна рабілася адносна іншых прэтэндэнтаў на славу». Гл: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 100—102. – Л. Л.
44 Stratę Ojca uczciwszy żałobą i łzami, Dziś zastąpić Go możesz, wyszedłszy na człeka, Matką w lata idącą, słabemi siostrami Twoja się z czasem pewnie zaprzątnie opieka. Synu mój! już przydatnym zostałeś dla świata Niesiesz cierpiącym ulgę, pociechę, ratunek, W tak szlachetnym zawodzie przepędzając lata Pewnam, że cię nie spotka bieda ni frasunek. Naśladuj cnoty Ojca, pracuj, myśl o sławie. Nie odmawiaj pomocy, gdy wezwie ubogi, Bóg cię pobłogosławi, jak ja błogosławię, Opatrzność do fortuny ukaże ci drogi. Kochaj bliźnich! Szanując i ludzi i siebie. Niech twa dla wszystkich będzie równa dobroczynność Cierpiącym najskwapliwiej nieś pomoc w potrzebie, Jest to chrześcjanina prawego powinność Niech ją stwierdza krok każdy, każdy twój uczynek, Chroń w twem sercu ten Matki czuły upominek.
45 Patrz jak od ludzi ucieka, Juź się skrył w ciemnej jaskini. Dlaczegóż Tymon to czyni? – Niestety poznał człowieka.
46 Томас Мур (1779—1852), англійскі паэт-рамантык. – Л. Л.
47 Długo od Was oddalony I przez ludzi umorzony, M zatrzymany przy życiu, Świętej Opatrzności wolą, Po swem napowrót przybyciu Wita Was ź chlebem i solą I złożywszy dzięki Bogu Staje dziś na Waszym progu.
48 Завадскі Адам (1814—1875), віленскі выдавец. У 1846 г. выдавецтве Завадскага выйшла першая кніга В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка». – Л. Л.
49 Патапаў Аляксандр Львовіч (1818—1886), генерал-ад'ютант, на пачатку 1860-х гг. обер-паліцмайстар Масквы, начальнік штаба корпуса жандараў і кіраўнік III аддзялення. З 1864 г. памочнік віленскага генерал-губернатара, з 1868 г. генерал-губернатар. – Л. Л.
50 Альбядзінскі Пётр Паўлавіч (1826—1883), генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант, віленскі генерал-губернатар у 1874—1880 гг. – Л. Л.
51 Баранаў Эдуард Трафімавіч (1811—1884), генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант, віленскі генерал-губернатар у 1866—1868 гг. – Л. Л.
52 Каўфман Канстанцін Пятровіч (1818—1882), генерал-маёр світы, з 1861 г. дырэктар канцылярыі Ваеннага міністэрства, у 1865—1867 генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю і камандуючы войскамі Віленскай вайсковай акругі. – Л. Л.
53 Указ ад 10 снежня 1865 г. забараняў «палякам», г. з. католікам, купляць маёнткі. – Л. Л.
54 Аксакаў Іван Сяргеевіч (1823—1886), публіцыст, паэт, грамадскі дзеяч, адзін з лідэраў славянафільскага руху. – Л. Л.
Продолжить чтение