Бяздарныя апавяданні

Размер шрифта:   13
Бяздарныя апавяданні

© Яўген Аснарэўскі, 2026

ISBN 978-5-0068-8196-9

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Уступ

Адкрытая чытачом кніга гэта зборнік адаптаваных пад часопісны фармат апавяданняў. Мэтай аўтара быў эксперымент, своеасаблівае самавыпрабаванне. Ці атрымаецца замаскіраваць сваю творчасць пад «нармальную чалавечую» літаратуру?

Для тых аматараў белетрыстыкі, якія сочаць за аўтарам у сацсетках, не з'яўляецца сакрэтам вельмі негатыўны прыём, якім у свой час ушанавалі стваральніка гэтай кнігі іншыя літаратары, а таксама чытаючая публіка. Разгромныя водгукі, нізкія адзнакі на профільных сайтах, здзекі і насмешкі былі заўсёднымі спадарожнікамі літаратурных досведаў аўтара з часоў яго дэбюту пад імем Яўгена Аснарэўскага. Падобны халодны душ, праўда, разбаўляўся цёплай вадой, дзякуючы цудоўнаму прыёму навукова-папулярных кніг няўмехі-празаіка. Тым не менш, у такім кантэксце назва «Бяздарныя апавяданні» выглядае цалкам дарэчнай. Акрамя таго, аўтар не адмовіў сабе ў задавальненні і дадаў дадатковы элемент іроніі ў свет гэтай кнігі. Амаль усе апавяданні зборніка або прайшлі жорсткі конкурсны адбор у прэстыжныя літаратурныя часопісы, напрыклад, найстарэйшыя дзеючыя літаратурныя часопісы Расіі і Беларусі — «Сібірскія агні» і «Полымя», — або атрымалі пазітыўны водгук ад якога-небудзь масцітага рэдактара. Сярод спецыялістаў, якія адабралі тэксты аўтара для публікацыі ў літаратурных выданнях, такія прызнаныя майстры пяра як Ларыса Мікалаеўна Падыстава, Алена Валянцінаўна Сафронава, Уладзімір Мікалаевіч Фёдараў, Ірына Ісакаўна Чайкоўская, Віктар Анатольевіч Шніп.

Цікавы феномен — хуткасць, з якой аўтар напаўняў сваю «часопісаграфію» прадстаўленымі тут апавяданнямі. За паўтара года проза Аснарэўскага была апулікаваная ў 12-цi выданнях, сярод якіх некалькі вядучых папяровых грандаў, зусім недаступных, на думку асобных інтэрнэт-празаікаў, для людзей з вуліцы. Кампанію аўтару на старонках часопісаў складалі, сярод іншых, Алена Даўгапят, Ілля Качаргін, Яўген Бунімовіч і нават легендарны Юлій Кім. У гэты ж перыяд аповед «Яна» ўвайшоў у лонг-ліст Міжнароднага Валошынскага конкурсу (2025), дзе, паводле звестак арганізатараў, было не менш за дзве тысячы ўдзельнікаў. Пры гэтым аўтар не з'яўляецца членам якіх-небудзь саюзаў, удзельнікам семінараў, выхаванцам г.з. літаратурных школ ці сябрам рэдактараў. Таму падобны «хуткасны забег» незалежнага пісьменніка выглядае з'явай рэдкай, калі не сказаць унікальнай.

Некалькi слоў пра герояў, якія сустрэнуцца чытачу на старонках кнігі. Персанажы, па волі аўтара, павінны пераадольваць розныя псіхічныя і (ці) фізічныя траўмы. Тэксты апавяданняў страцілі большую частку змрочнай філасофіі і саркастычных пасажаў, якія, верагодна, бянтэжылі чытачоў у папярэдніх празаічных кнігах Аснарэўскага. Адпаведнасць тэкстаў таму, што аўтар можа назваць гуманітарнымі догмамі, добра вядомымі ў літаратуры мінулага стагоддзя, была адной з асноўных мэтаў падчас працы над тэкстамі «Бяздарных апавяданняў». Магчыма, гэта і дало неабходны вынік, дазволіўшы нарэшце атрымаць ухвалу некаторых літаратурных прафесіяналаў.

Сканчаючы гэты невячлікі ўступ, аўтар жадае чытачам цікавых уражанняў ад знаёмства з выданнем і дзякуе ўсім, хто народзіць уласнае меркаванне аб узроўні бяздарнасці апавяданняў, прадстаўленых у кнізе «Бяздарныя апавяданні». Іх стваральнік мог бы сказаць нават Эўтэрпе, што для яго такі аналіз чыёйсьці бяздарнасьці быў бы вельмі цікавы.

Рэдкае iмя

Першая публiкацыя: «Лиterra», 31.08.24.

Ян — адносна рэдкае імя ў нас. Кароткае і яснае, без памяншальнай формы. Некаторыя называюць Янчык, не памяншаючы, а падаўжаючы. Але часцей клічуць Янам. Добрае імя. Я атрымаў яго ў гонар прадзеда. І ўсё ж у дзяцінстве, прызнаюся шчыра, я камплексаваў. Грэцкае Аляксандр, ці рымскае Сяргей, ці спрадвечна славянскае, вялікакняскае — Святаслаў: мне тады здавалася, што гэтыя імёны лепшыя за маё.

Бацькі дарылі мне мала ўвагі. Тата быў начальнікам на буйным заводзе, а маці працавала ў гарадской бібліятэцы.

Я стараўся не адцягваць бацькоў ад працы.

Мне часта даводзілася бываць у бабулінай хаце. Там, у вёсцы, я гуляў пад ліпамі, а яны цудоўна пахлі ў пачатку ліпеня. Я плаваў у возеры і кідаўся ў суседскіх хлапчукоў яблыкамі з нашага саду. Апалая антонаўка загнівала на вільготнай зямлі і ператваралася ў небяспечны снарад — гнілушку. Рэзкі ўзмах рукі і сусед Колька атрымліваў па сваіх жоўтых шорціках самай вялікай і агіднай гнілушкай. Ён адрывіста і гучна ўскрыкваў. Не адчуваў боль. Але не мог адцерці брудную пляму. Гэта азначала, што маці Колі — цётка Маша, — падніме вэрхал і прымусіць сына прыбіраць хлеў. Ад думак пра Кольчына пакаранне мне чамусьці рабілася вельмі весела.

Я біўся лепш за суседа. Таму самае небяспечнае, што мог зрабіць Коля — кінуць у мяне гнілушку. Пшык, а не праблема! Сапернік насіў акуляры, якія злёгку спаўзалі з кавалачка пластыру на пераноссі. Таму трапнасць была для Колькі недасяжнай марай.

Нашы бітвы не перашкаджалі сяброўству. Раніцай, калі над спакойным возерам Рыбніца слалася бялявая смуга, мы з Колем стаялі каля напаўзгнілага бярвеністага прычальчыка і ўпарта жмурыліся на дрыготкія паплаўкі. Ніхто з нас не быў умелым рыбаком. Мы нават не вельмі любiлі рыбачыць, аддаючы перавагу актыўным гульням, а не доўгаму дзяжурству ля воднай роўнядзі. У іншым месцы нішто не прымусіла б нас узяцца за вуды. Але наша вясковае возера — найлепшае на свеце. Нам так здавалася.

Сухаватую зямлю вакол вялікай і глыбокай Рыбніцы пакрываў густы ельнік. Празрыстая вада сляпіла нас мільёнамі сонечных блікаў, вабіла прахалодай. А пасля дажджу, над зарослымi высачэзнай травой берагамi, вісеў настолькі салодкі пах, што нам нясцерпна хацелася піць з возера. Таму мы паддаваліся спакусе, апускаючы пад крыштальную, злёгку хвалістую паверхню свае груба выдзеўбаныя драўляныя кубачкі. Зачэрпвалі ваду. Потым пілі не адрываючыся. А летні вецер церабіў нашы вечна нечасаныя густыя валасы.

Падслепаваты Колька, вось жа дзіва, валодаў вельмі каштоўнымі ўменнямі. Ён як сапраўдны кухар упэўнена гатаваў злоўленых намі карасёў. Лук, соль, бульбачка, часам сушаны перац — вось і ўсё, што выкарыстоўваў сусед. Няхітрыя інгрэдыенты дапамагалі Колю ператвараць наш улоў у смакату з іншага свету. Слінкі цяклі ад аднаго позірку на Кольчыны стравы.

Часам мы ласаваліся юшкай, але часцей прыкопвалі рыбу ў вуглях, якія заставаліся ад невялікіх, траскучых вогнішчаў, і пяклі свае трафеі.

Аднойчы нам удалося злавіць вялізнага шчупака. Мы не пашкадавалі часу на збор гліны і галля. Абмазаная глінай рыба і не да канца прапечаная, вязкая бульбачка, з соллю, здаваліся тады самымі смачнымі стравамі ў маім жыцці.

Аднаго разу мы гатавалі дзённы ўлоў і грэліся ля вогнішча, якое ратавала нас ад надыходзячай начной прахалоды. Дымок яловых галінак шчыпаў вочы, пакуль я ўпарта глядзеў удалячынь. За цёмным сподкам возера ўздымаўся бераг Рыбніцы: загадкавы, цяжкі і крышачку страшны.

***

Калі мне ішоў восьмы год, мама прынесла з бібліятэкі альбом, які смачна пах друкарскімі фарбамі. Там былі карціны знакамітых мастакоў. Мне заўсёды падабалася маляваць і таму прынесены альбом стаў любiмай настольнай кнігай. Маляваць, граць і рыбачыць з Колем, а таксама іншымі дзецюкамі, а яшчэ разглядаць карціны з альбома — вось і ўсё, што мне хацелася рабіць летам, пакуль я адпачываў ад знявiднай матэматыкі.

Я асабліва любіў адну карціну жывапісца Ван Гога. Называўся гэты любімы твор: «Зорная ноч над Ронай». Я паняцця не меў, дзе знаходзіцца тая Рона і заўсёды думаў, што Ван Гог носіць нейкае дзіўнае імя. Гэтыя думкі не перашкаджалі мне гадзінамі разглядаць выяву «Зорнай ночы». Я ўжо разумеў, што мастак выкарыстоўваў для працы над карцінай грубыя фактурныя мазкі. У авангардзе атакавалі змрочныя колеры, кантраст зорак і марскога фону. А потым на гледача навальваўся парад смелых жывапісных ліній. Яны рабілі карціну дзіўна вібрацыйнай і загадкавай. Ад прагляду мяне напаўняла салодкая трывога… Я не мог апісаць свае пачуцці да карціны, але ведаў, што моцна ўсхваляваны і хачу быць як ён… Ван Гог.

***

— Хачу намаляваць той бераг, — ціха сказаў я, гледзячы на Колю.

Сусед якраз здзіраў спаленае шмаццё лупіны, рыхтуючыся ўкусіць бок запечанай бульбачкi.

— Знайшоўся мастак, — прабурчаў наш знаўца кулінарыі, выпацкаўшы рот чорнай сажай. — Ты хоць спрабаваў маляваць, га?

Я не казаў прыяцелю, што малюю даўно. Працую ў графіцы, алоўкам і нават сухой пастэллю, замацоўваючы яе на аснове. А яшчэ я спрабую жывапіс алеем і думаю аб гравюры. Так я трэніруюся дзеля паступлення ў мастацкае. Але навошта пра гэта гаварыць суседу, з якім мы перакідваемся яблыкамі, рыбачым і пячом карасёў у мясцовай, злёгку жаўтлявай, гліне? Ён жа, мо, падумае, што ў мяне імя дзіўнае, і таму я ўвесь няправільны. Хіба дзецюкі наогул малююць? Хоць, і Ван Гог калісьці быў дзецюком. Можа, ён кідаў гнілякі ў якога-небудзь свайго суседа, скажам, Нікалаўса? Не ведаю дакладна, як Кольку звалі б у Галандыі.

І ўсё ж, мне было сорамна прызнацца суседу. Таму я набраў у лёгкія пабольш паветра і прымусіў сябе працадзіць.

— Я малюю ўжо не першы год. І атрымліваецца нядрэнна!

— Сур'ёзна? — шумна не паверыў Колька, але радасна дадаў: — А ведаеш, ты малайчына! Беражок Рыбніцы… Там нібы чорныя зубы вялікай рыбіны хочуць зоркі схапіць.

— А ты, Колька, як той паэт! Такія метафары ўмееш выварочваць!

— Ды куды ўжо мне гэтыя твае «метафіры», — Коля засмяяўся і пачухаў патыліцу. — Мы простыя, а ты гарадскі! Татачка твой, вунь, вялікі паношыч у горадзе. І матуля такая, ну… адукаваная! Таму, Ян, ты давай — спрабуй! Будзеш мастак, дык, можа, і для нашай вёскі куток на карціне знойдзеш. Мясцiны тут такія прыгожыя! Вось нават імя ў цябе прыдатнае. Колька Петрашэвіч — хіба імя для мастака? А Ян Багданаў — гучыць.

Коля дастаў скрадзеную ва ўласнага бацькі цыгарэтку і прыкурыў ад вогнішча.

Я спрабаваў адчуць у словах суседа кпіны з майго імя. Нават сціснуў кулакі і падрыхтаваўся крычаць: «Такое імя прадзед мой насіў».

Але Коля спакойна зацягваўся цыгарэтай і рытмічна штурхаў нагой невялікі каменьчык. Не было смяшкоў і колкіх позіркаў — нічога. Таму я адвярнуўся і зноў пільна паглядзеў удалячынь, на бераг Рыбніцы.

«Чорныя зубы вялікай рыбіны…» — гэтыя словы Колі надоўга засталіся ў маёй памяці.

— Так, дзе яшчэ пісаць карціны, — згадзіўся я і падкінуў у вогнішча яловых галінак.

***

Праз тры гады я скончыў школу і паступіў у мастацкую вучэльню. На іспыце я намаляваў партрэт прадзеда Яна. Ніводнай фатаграфіі ў нашай сям'і не захавалася. Мне давялося прыдумаць яго знешнасць. Я ведаў, што прадзядуля лічыўся знакамітым на ўвесь горад лекарам. Таму на маім партрэце ён быў у белым халаце і, чамусьці, трымаў у руцэ мікраскоп.

Я скончыў вучэльню з чырвоным дыплёмам і панёс дакумэнты ў сталічную акадэмію. Атрымліваць вышэйшую адукацыю мне было лёгка: настаўнікі не маглі стрымаць захапленняў наконт маіх здольнасцяў. Рэктар прарочыў мне вялікую будучыню. Акадэмію я скончыў з дыпломам выдатнiка.

А далей былі выставы, пахвалы значных майстроў, жывапісныя творы ў знакамітых музеях. Крытыкі прыляпілі мне мянушку: «Беларускі Ван Гог». Дурная мянушка! Але мне ўсё роўна было прыемна.

Творчы поспех — вялікае шчасце. Але не хапала іншага. Мне так і не ўдалося стварыць сям'ю. Праца заўсёды займала большую частку майго часу. Я кахаў розных дзяўчат. Сярод іх былі і натуршчыцы. Але шлюб не з'явіўся ў маім жыцці. Чамусьці я больш марыў аб дзецях, чым аб каханай.

Праз дваццаць гадоў я вярнуўся ў вёску з цвёрдым намерам ажыццявіць адну з першых сваіх мастацкіх задумак. Я хацеў перанесці на палатно від возера Рыбніца. Бабуля даўно памерла, але я спадзяваўся сустрэць свайго даўняга сябра — Кольку.

Я — наіўны дурань — верыў, што Коля ўсё яшчэ жыве ў вёсцы і ходзіць на рыбалку да нашага возера. Прыяцель як жывы стаяў перад вачыма. Белабрысы малец у смешных акулярах.

Я прайшоў праз зарослы пустазеллем сад і адчыніў вялікім ключом дзверы старой бабулінай хаты. Пасядзеў, хістаючыся, на калчаногiм зэдліку, і выйшаў праз іншыя дзверы. За ўсё яшчэ моцным плотам мяне сустрэлі разьбяныя аканіцы суседскага дома, пакрытыя патрэсканай жоўтай фарбай.

Ізноў пагаварыць са сваім таварышам па рыбалцы я не змог. Я бачыў толькі ягонае фота пяцігадовай даўніны. Дрэнны фотапартрэт дэманстраваў вялiкага мужыка са светлымі валасамі. На яго пераноссі сядзелі масіўныя акуляры. Колька павялічыўся ў чатыры разы. Але застаўся падслепаватым.

У доме Петрашэвічаў жыла самотная шаснаццацігадовая дзяўчынка — дачка Колькі. Яе клікалі Яна. Пра мяне пісала прэса, а Яна цікавілася жывапісам і нават наведвала адну з маіх сталічных выставак. Таму мы хутка пасябравалі.

Маці Яны памерла, калі дзяўчынка была яшчэ немаўляткам. Бацька нечакана знік за тры гады да майго прыезду. Ніхто не ведаў, куды падзеўся Колька. Казалі, што ён пайшоў у бок Мохавых балот. Яго доўга шукалі. Безвынікова. Але Яна спадзявалася, што аднойчы тата вернецца дадому і не хацела пераязджаць да сваякоў, у сталіцу. Дрэнны фотапартрэт Колі стаяў на тумбачцы, побач з ложкам яго дачкі, і Яна, калі прачыналася, глядзела ў твар зніклага бацькі.

Сонечнай, ветранай раніцай, мы разам з Янай пайшлі да Рыбніцы.

— Добрае святло, праўда? — спытаў я спадарожніцу, надзейна ўсталёўваючы мальберт.

— Так, хоць мне тут больш увечары падабаецца. Рыбніца тады такая, як чорныя зубы нейкай рыбiны… І яна хоча зорачкі ў небе пахапаць, — адказала Яна і паправіла акуляры.

Я доўга маўчаў, адчуваючы камяк у горле. Рукі ў мяне злёгку дрыжалі. Гэта перашкаджала акуратна працаваць пэндзлем.

Прадзед Ян і я, Колька і Яна, якая не магла адказаць на маё пытанне, калі я спытаў чаму бацькі назвалі яе менавіта так: усе мы былі часцінкамі нейкай загадкавай мазаікі. Бясконцасць жыцця. Сувязь пакаленняў. Адлюстраванне незлічоных продкаў у нас саміх. А мы, такія асаблівыя, і адначасова такія падобныя на сваіх і чужых! Вандроўнікі, якія брыдуць па свеце ў пошуках шчасця, хоць шчасце можа аказацца простым возерам, пад бялявым туманам. Простым возерам ля самага нашага дома… Галоўныя пытанні раптам атрымалі адказы і мае пошукі завяршыліся.

— Хацеў табе сказаць, што Яна — вельмі рэдкае і прыгожае імя. Ты напішаш начное возера сама. Я застануся тут і навучу цябе!

Мой усхваляваны голас даляцеў да дзяўчынкі, якая глядзела ўдалячынь. Хутка міргаючы, Яна ўсміхнулася, і ўзмахнула сваімі залацістымі валасамі.

Стыль Махоркіна

Першая публікацыя: «Русское поле (Арол)», №2, восень 2025.

Аднойчы маленькі Росця Махоркін зламаў абедзве нагі. Дваровыя падшыванцы забраліся ў дзіцячы садок і зладзiлі спаборніцтва па скачках. Росця прайграў. Дзевяцігадовы Махоркін прызямліўся не ў пясочніцу, а на яе цвёрды борт. Несапраўдныя сябры ўцяклі, пакінуўшы стогнучага Росцю ў пяску. Неўзабаве Махоркіна знайшоў вартаўнік і пачаў крычаць на скручанага эмбрыёнам паскакунчыка. Потым стары Палыч пачухаў лысіну, злёгку тыкнуў інтэрвента наском зношанага бота, прашамкаў: «Вось малпа» і выклікаў хуткую.

Махоркін апынуўся ў бальніцы. З яго ног тырчалі розныя металічныя штукі, неабходныя для правільнага зрастання костак. Махоркін уяўляў, што ён бэта-мадэль Тэрмінатара Т-800. Бацькі прынеслі сыну самыя дарагія фламастары і тоўсты альбом крэйдаванага кардона. Маляванне дапамагло цярпець боль і страх, пазбавіцца ад начных кашмараў і перажыць сумныя «ложкавыя» будні.

Выйшаўшы з лякарні, Росця не забыўся пра карысць творчасці. Махоркін часта сыходзіў ад праблем у адмысловы свет алоўкаў 4B, гумак, сухой пастэлі, водных фарбаў і сафлоравага алею. Росця адлюстроўваў на палатне вiд з акна, пакой брата, тату і маму, а калі падрос вырашыў напісаць красуню Люсю з паралельнага класа.

Штурхаючы кедамі безабаронныя каменьчыкі, Росця дагнаў Люсю каля школы і прапанаваў дзяўчыне стаць яго першай натуршчыцай. Махоркін быў прыгожы: высокі шыракаплечы шатэн з вялізнымі далонямі. Таму Люся пагадзілася. Росця планаваў пісаць партрэт на сямейнай дачы Махоркіных. Мастак саромеўся маляваць дзяўчыну пры бацьках, і тата з мамай вырашылі, што сын-адзінаццацікласнік ужо дастаткова дарослы для дачнага жывапісу.

Дачная гісторыя была цудоўная. Люся асядлала хісткае крэсла, стрыножанае прама пад разгалістай яблыняй. Дрэва пасадзіў яшчэ Леанід Яўгенавіч, дзед юнага жывапісца. Яблыкі — старажытныя знакі спакусы, сарамліва хаваліся ў траве, атачаючы босыя ногі румянай дзяўчыны. Салаўі трэлілі на галінах чарэшні. Пушыліся на васільковым небасхіле хуткія, як дзяцінства, аблокі. Вартавы сабака Аркадзь ласкава глядзеў у бок маладых людзей сваімі чалавечымі вачыма. Пахла сенам. Біла ў нос гноем. Несла каханнем.

Скончыўшы партрэт, Махоркін выцер рэшткі алею з палатна і паклікаў Люсю.

Натуршчыца са здзіўленнем агледзела твор. Вялізная яблыня вырастала з невялікай, але па-майстэрску напісанай жаночай фігуркі. Твар дзяўчыны на партрэце чамусьці закрывалі шэсць чырвоных трыкутнікаў.

— Ух, — выдыхнула Люся і адтапырыла губу.

— Табе такое падабаецца? — дабрадушна спытаў Махоркін.

«Не, як гэта можа падабацца…» — падумала Люся… і адчайна заківала.

Адгуляўшы школьны выпускны, Махоркін задумаўся пра дыплом мастака. Росця паступіў у мастацкае вучылішча, дзе аддаўся жывапісу цалкам. Ізумрудныя хвоі Белавежскай пушчы, бурштынавы бамбук Ямайкі, цырконавыя скалы Карэліі, снежная пена Ніягарскага вадаспаду і сапфіравыя воды возера Балатон не маглі задаволіць Махоркіна. Талент патрабаваў ад свайго носьбіта пошуку самых дзіўных колераў, існаваўшых у свеце. І Махоркін шукаў! Мастак гадзінамі працаваў з палітрай. Здавалася, Росця выпампоўваў фантастычныя адценні з паветра, як штукар. Анёльскі аквамарын, колер садовага тапіарыя, папірусны зімовы, мандарынавы сонечнага бліку і яшчэ сотні колераў ствараліся вар'яцкім уяўленнем каларыста. Ван Гог, Шагал… Махоркін. Яны маглі б стаць неаспрэчнай тройцай лепшых майстроў колеру, калі б Махоркін быў прызнаны лепшым. Нажаль! Росця ніколі не лічыўся талентам, нават на сваім курсе ў мастацкiм.

Там адразу здарылася праблема. Першакурсніка неўзлюбіў Цімафей Вітаўтавіч Адаменас — выкладчык пленэру і асноў графікі.

Махоркін раздражняў настаўніка літаральна ўсім, нават сваім дзіўным мальбертам, падобным на шчыт крыжака.

— Дзе аб'ём, Расціслаў? — галасіў Адаменас, разглядаючы малюнак антычнага бюста, выкананы Махоркіным. — Дзе, мілачка, характар, га?

«Фарэль і качарга» — рыфмаваў у галаве Махоркін і сціскаў вусны ад абурэння.

Выкладчык часта «гакаў» Махоркіна, і ў канцы трэцяга курса, змучаны заніжанымі ацэнкамі Росця, збіў Цімафея Вітаўтавіча эцюдам да палатна Тыцыяна «Уцёкі ў Егіпет».

Выбыхнуў скандал. Прысаромлены Махоркін выбачыўся перад Цімафеем Вітаўтавічам, кінуў вучылішча і ажаніўся з Люсяй. Усе гэтыя дзеянні не спынілі развіццё творцы.

Люся, аднак, патрабавала папаўняць сямейны бюджэт. Бездыпломны жывапісец знайшоў працу ў гарадской гаспадарцы. Улічыўшы навыкі Махоркіна, камунальнікі выдалі некалькі вёдраў фарбы, абсалютна новыя пэндзлі і савецкі шпатэль.

***

Тры тыдні запар Махоркін зафарбоўваў надпіс, якi дзёрзка раскідваў літары па фасадзе дома №7 на вуліцы Васняцова. Хтосьці пісаў чырвоным балончыкам на бэжавай сцяне, а камунальнікі знішчалі пасланне. Але зафарбаваны надпіс адраджаўся зноў, нібы акрылавы фенікс. Няўлоўны графіціст не стрымліваў сябе і рэгулярна паведамляў жыхарам дома аб вечным жыцці аднаго з таленавітых рок-музыкаў мінулага.

Махоркін працаваў, не шкадуючы чырвонага, карычневага і шэрага. Ён намешваў самыя мудрагелістыя адценні. Кожная літара надпісу хавалася за асобнай каляровай плямай. Росця стаяў, шырока расставіўшы ногі, і глядзеў на свой твор праз накіраваны да неба пэндзаль. Мастак чуў музыку сфер. Творчы працэс плавіў яго душу.

У гэты момант я праходзіў міма, пазнаў Махоркіна і вырашыў прывітацца.

— Ах! Генка! Колькі год не бачылiся! — узрадаваўся камунальнік.

Мы разгаварыліся. Махоркін узгадаў нашы сумесныя школьныя гады і распавёў пра жаніцьбу на маёй аднакласніцы Люсе.

— Гэта ты малайчага! Віншую! — сказаў я.

— А ведаеш, ты заходзь да нас у суботу. Вечарам. Пасядзім, паўспамінаем, — прапанаваў Росця.

— Генка! Зусім не змяніўся, чарцяня, — сказала ў суботу Люся. — Мой любімы аднакласнік! Чай з тортам будзем піць!

На невялікай кухні здымнай хрушчоўкі Махоркіны доўга скардзіліся мне на малую зарплату Росці і сціплыя прыбыткі Люсінага перспектыўнага бізнэсу, які зараджаўся ў сферы манікюрных паслуг.

— А галоўнае, крыўдна, — пыхкаў Махоркін, размахваючы кубкам з гарбатай. — Я так марыў вывучыцца… Каб не той Адаменас… Хацеў я копіяй Матэйкі яго накрыць. Тры на тры метры палатно. Ён бы не выпаўз… Хаця, калі шчыра, шкадую, што тады не стрымаўся. Кепскаватая справа — карцінамі біцца. Ну і вось… Фарбую сцены, Генка. Ну, верыш? Сцены!

— Каб не я, ён запіў бы. Трымае яго жонка, — паведаміла Люся.

— Дакладна, трусiк, — пацвердзіў Махоркін. — Трымае!

— Я твая пацерка?

— Ты мая пацерка, трусiк.

— Мастаку патрэбна муза!

— Ты мая муза, трусiк.

Пакуль я слухаў шчабятанне Махоркіных мяне накрыла думка: я ведаю, як дапамагчы Росце.

— У мяне ёсць цікавы варыянт, — паведаміў я галубкам. — Ваш школьны прыяцель — журналіст. Аўтар папулярнага медыя. Журналіст крэатыўны (навалач), і можа зрабіць непрызнаны талент прызнаным.

Праз два тыдні на сайце нашага выдання з'явіўся артыкул пад загалоўкам «Малевіч з ЖКГ». Запрошаны мною эксперт выдатна апісваў каляровыя квадраты Махоркіна, якія ўпрыгожвалі сцены гарадскіх шматпавярховак. Насамрэч, экспертам быў я сам. У артыкуле гаварылася пра надзвычайнае пачуццё колеру, паэзію формы, дынаміку аб'ёмаў і мэтакантэкстуальнасць штрыхоў. Я ўпісаў у артыкул фразачкі са справаздачы нейкага выбiтнага крытыка, захопленага сталічнай выставай абстрактнага мастацтва. Стыль Махоркіна я назваў «камунальны абстракцыянізм».

Маленькі падман не бянтэжыў мяне. Я лічыў, што высакародная хлусня існуе. Назіраючы сцэну з серыяла «Месца сустрэчы змяніць нельга», тую, дзе Жыглоў спрачаўся з Шарапавым наконт абдурвання Кiрпiча, я заўсёды станавіўся на бок Высоцкага-Жыглова. Муравец быў гатовы ашукаць дзеля высакароднай мэты. І я быў Жыгловым. Я хацеў дапамагчы школьнаму таварышу, несправядліва пакрыўджанаму выкладчыкам. Вось такая Яснавяльможная высакароднасць! І яшчэ, мне хацелася паставіць эксперымент… Стварыць цудоўнае мастацтва на пустым месцы.

Артыкул меў поспех і зацікавіў іншыя выданні. Махоркін пачаў раздаваць інтэрв'ю, апавядаючы пра сваю творчасць. А праз пару месяцаў, да новага Малевіча пацягнуліся заказчыкі. Партрэт у стылі Махоркіна стаў жаданым прадметам у дамах нуварышаў і нават больш вытанчанай публікі.

Росця працягваў хадзіць на працу дзеля іміджу камунальнага жывапісца, хоць сумы ганарараў, атрыманых ад заказчыкаў стракатых палотнаў, моцна пераўзыходзілі зарплату працавіка гарадской гаспадаркі.

Пасля трыўмфу камунальнага жывапісу да нас у рэдакцыю наведаўся сам Астафей Рамашка — багаты чалавек, які валодаў некалькімі гасцініцамі ў цэнтры горада. Бізнэсмэн замовіў у Махоркіна партрэт, але кансультант па абстрактным мастацтве назваў кошт працы майго прыяцеля «непрыстойна завышаным». Рамашка цікавіўся экспертам, з нашага артыкула пра Махоркіна. Давялося схлусіць. Я напрыдумваў казак аб ананімнасці рэдакцыйнага эксперта, недаступнага для любых спробаў даць хабар.

— Вы ж зразумейце, — басіў гательер. — Я палотны люблю. Радасна ад таго, што ў нашым горадзе такі нечаканы маэстра адчыніўся. Але ж павінны быць экспертныя ацэнкі непрадузятыя. Грошай месью Махоркін просіць вагон, а можа і цягнiк!

— Разумею, — гундосіў я ў адказ. — Але Расціслаў Махоркін — геній. Заязджайце праз гадоў сто ў Луўр. Упэўнены, Расціслаў ужо будзе там!

Рамашка быў незадаволены маімі адказамі і пайшоў прэч з танцам гнеўных броваў на квадратным твары.

Пасля сыходу бізнэсмэна мяне знайшоў Андрэй Ягоравіч — наш галрэд. Ён моўчкі пагразіў мне пальцам, сербануў кавы з кубка ўпрыгожанага партрэтам Сальвадора Далі і ўцёк у свой кабінет.

Праз тыдзень Рамашка вярнуўся. Ён доўга ціскаў і трос маю потную далонь, лісліва пучыў селядцовыя вочкі, рыпеў чаравіком.

— Вы, пане, прабачце мяне. Каюся! Прафан! Ды яшчэ і недаверак! Мне тут эксперт, які супрацоўнічае з Christie’s, пацвердзіў каштоўнасць майго партрэта з пэндзля маэстра Махоркіна.

— Праўда? — маё кароткае пытанне налівалася і ззяла недаверам.

— Эксперт сказаў — цудоўная інвестыцыя. Я купіў партрэт вельмі танна. Ён падаражэе ўтрая! Мі-ні-мум!

Пасля сыходу бізнэсмэна мяне знайшоў Андрэй Ягоравіч. Ён моўчкі паказаў мне вялікі палец, сербануў кавы з кубка ўпрыгожанага партрэтам Сальвадора Далі і ўцёк у свой кабінет.

Я моцна задумаўся аб мастацкай экспертызе. Атрымлівалася, што любы барсук, ну вось як я, можа аб'явіць творчасць жывапісца-паўзнайкі вялікім мастацтвам і з дыягназам пагодзіцца сапраўдны эксперт. А можа, гэты рамашкаўскі спец усё ж дылетант ці махляр? Хто там разбяре. Яшчэ я думаў аб крывадушнасці. Хлусня дзеля добрай справы — цяжкая матэрыя. Пасля казуса Рамашкi я, напэўна, перастаў быць перакананым жыглоўцам.

Ашчасьліўлены пакладамі грошай, Махоркін не забыўся на паслугу і паклікаў мяне да сябе, у новую здымную кватэру, якая займала цэлы паверх старадаўняга асабняка. Тут быў стыльны лофтавы інтэр'ер. Калекцыя пласцінак «Песняроў» упрыгожвала шэрабетонныя сцены. Бежавыя лямпачкі тапырыліся на столі. З рабрыстай калоны, усталяванай у цэнтры залы, вырастаў захутаны неонам, цыклапічны акварыум.

Школьны таварыш жадаў парадаваць мяне, таму арганізаваў раскошную вячэру з шампанскім, ананасамі, мільёнам талерак і падвойнай піцай.

— Як ты думаеш, што гэта такое, сапраўднае мастацтва? — маё пытанне, напэўна, зацікавіла рыбку даніо, і яна падплыла бліжэй да сценкі свайго шклянога дома.

— Гэта арыгінальнае мастацкае выказванне, зробленае ў правільным месцы, у правільны час. Калі выконваць умовы, то мастацтвам можа быць усё, што заўгодна. Нават чорны квадрат. Галоўнае тут не тэхнічнае майстэрства. Важны тут пэўны паварот у галаве стваральніка. Вы можаце навучыцца пісаць так, як Вермеер, калі ў вас хоць трохі працуюць рукі, ёсць вочы і цярпенне. Навучыць вас рабіць арыгінальнае мастацкае выказванне — значна складаней.

— А дзе ўзяць мерку арыгінальнасці і каляндар правільнага часу? — спытаў я ў рыбкі. Але адказаў зноў Махоркін.

— У спецыяльна навучаных людзей. У профі, — Росця пяшчотна пакратаў акварыум.

— Такіх, напрыклад, як дзівак Адаменас? — спытаў я.

— Хах, ён профі, вядома, — яхідны погляд Махоркіна скаціўся на імшысты дыван пад нашымі нагамі.

— Які ты разумны, калі хочаш, — праспявала Люся.

— Думаю, ты маеш рацыю наконт мастацтва. Знаўца! Дарэчы, аб знаўцах і профі. Нам тут у рэдакцыю прыйшоў тэкст, — я паклаў перад Росцей свой тэлефон. — Зачаруйся прыгожым.

Тэкст пачынаўся так: «Я бязмерна ганаруся тым, што быў настаўнікам такога яркага талента!».

— Аўтар: Ц. В. Адаменас, — прачытаў Махоркін і з цяжкасцю праглынуў кавалачак мармуровай ялавічыны.

— А ён сапраўды мастак! — пахваліла Люся.

— Ну вось, тут я магу сказаць толькі адно, — Росця марыянеткавым рухам кінуў кулак у спінку крэсла. — Сапраўдны знаўца мастацтва калі што і ўмее, дык гэта перарадзіць сваё меркаванне! Выгадаваць з гусеніцы матылька. І гэта супер хутка.

Наш смех напоўніў апартаменты Махоркіных. Мы зладжана, як спартоўкі-сінхраністкі, ухапіліся за іскрыстыя куфлікі. Каляровыя квадраты гарлалі пра сваю мастацкую каштоўнасць. У іншай частцы нашага мегаполіса, ганарлівы настаўнік яркага талента раптам адчуў жар у вушах і гучна чхнуў. У элітным прыгарадзе любаваўся сваім чырвонатрохкутным партрэтам вядомы гательер. Дзіўныя зоркі, усе гэтыя гіганты і субкарлікі, абляпілі недасяжны нават для людзей мастацтва, вібруючы небасхіл. Творчая гармонія згусцілася і, на імгненне, стала ідэальнай.

Хук Рыны

Першая публікацыя: «Топос (Масква)», 05/08/2024.

Рына перавязала рукі бінтамі і надзела трэніровачныя пальчаткі. Трэба папрацаваць з грушай! Балюча ці не, але Рына ніколі не прапускала трэніроўку. Яна памятала толькі некалькі дзён, калі яе рукі не білі ў нешта. Некалькі дзён за трыццаць год. Яе далоні ніколі не будуць такімі, як да спорту, але бінты, а таксама іншыя меры засцярогі, дапамагалі прытупіць боль.

Маці і бабуля былі супраць заняткаў.

«Ты дзяўчына», — казалі яны. — «Табе лепш купіць сукенку і чытаць кнігі ў парку».

Трыццаць год яна даказвала ім, але найперш сабе: яна ўмее не толькі чытаць кнігі, але і біцца. Трыццаць год.

Рына заўсёды добра біла левы бакавы ўдар са скачка. І падчас хатняй размінкі, яна паўтарыла сваю каронку. Левы хук — так гэта называлася ў боксе.

Скончыўшы трэніроўку, Рына зняла павязкі і выцерла твар ручніком.

Пачынаўся важны дзень. Сёння Алеся будзе змагацца за званне абласной чэмпіёнкі.

Рына працавала з Алесяй тры гады, і апошні месяц яны мэтанакіравана рыхтаваліся да бою з Маргарытай. Суперніца, па мянушцы Малатарня Марго, біла выдатны правы аперкот, неверагодна жорсткі і дакладны.

Рына апранулася і выйшла ў калідор. Яна села на зэдлік (хто ведае, магчыма, гэты забабон дапаможа), адчыніла ўваходныя дзверы і выйшла. Пачакала секунду… рэзка павярнула ключ з брэлкам у выглядзе галавы Майка Тайсана: пацешны сувенір ад Міхася Мечыслававіча заўсёды паляпшаў Рыне настрой. Вясёлы спуск у жахліва ціхім пад’ездзе. Летаргічны сон у вялізным шэра-бетонавым гмаху. Пяцьдзесят крокаў і пацёртая чырвоная машына. Новыя красоўкі трывожна шархацелі на роўна выкладзеным асфальце. Выезд на праспект. Заторы. Гудкі і музыка. Гарадская арэна. Апранальня.

— Добры дзень, Алеся.

***

Пот і кроў. Перш чым яна пайшла ў першы бой, яе маленькая мэта была схавана глыбока — там, дзе жылі надзеі, чорна-белыя, яшчэ бясформенныя мары. Рына не ведала, адкуль у яе такая моц і чаму ёй так хочацца перамагаць. Магчыма, гэта спадчыннасць.

Бацька трымаў дома баксёрскія пальчаткі. Яны віселі на старой савецкай шафе з дрэннай ДСП, а дакладней — на доўгім цвіку, убітым у бакавіцу некалі моднай мэблі. Пальчаткі вялікія. Пахкія. Пах нагадваў крэм для абутку. Эластычныя, але падатлівыя. Чырвоная, пацёртая скура. Пальцы слізгалі па ёй, ствараючы сыпкі, чароўны шоргат.

Тата — вайсковец. Лейтэнант, які выступаў у вайсковым клубе. Ён быў майстрам спорту па боксе і атрымаў пальчаткі ў падарунак ад кубінца, які наведаў СССР.

Бацька ніколі не казаў, што жадае бачыць дачку на рынгу. Ён не мог нават уявіць такога. Маленькія чорна-белыя мары былі надзейна схаваны ад яго.

Рына здымала з цвіка пальчаткі і нацягвала іх на свае малюсенькія далонькі. Далікатныя дзіцячыя рукі хутка хаваліся ў маршчыністыя раструбы. Глыбока. Амаль па локці. Ніхто не адважваўся адабраць у яе гэта незвычайнае пачуццё захаплення.

Рыне шэсць. Але яна ўжо была як тата. Ён усміхаўся і пачынаў жартам трэніраваць дачку. Дзяўчынка стукала кулакамі па вялікіх далонях бацькі, а яны, здавалася, маглі цалкам паглынуць пальчаткі.

Дачка і бацька падчас трэніроўкі патрапілі ў аб'ектыў матулiнай камеры. Вераніка Паўлаўна — маці Рыны, працавала ў гарадскім фотаатэлье. Таму ледзь не кожны крок дамачадцаў быў зафіксаваны на плёнцы.

Прайшло шмат часу, але Рына амаль кожны дзень глядзела на старое фота. Такім маладым і прыгожым бацька з'ехаў у Аўганістан…

***

Рыне было шаснаццаць, калі ў яе горадзе арганізавалі першую секцыю жаночага боксу. Прагуляўшы заняткі ў школе, дзяўчынка доўга блукала па цёмных калідорах аблупленай, гарчычна-жоўтай пабудовы — трэніровачнай базы.

Рына знайшла і адштурхнула тоўстыя дзверы, пераадольваючы супраціў спружыны.

Дзяўчыну сустрэла маленькая зала, з высокай столлю, пазаклейванымі грушамі і пацёртымі гантэлямі.

— Каго шукаеш?

Рына павярнулася на гук мужчынскага голасу. Перад ёй стаяў маленькі лысы чалавек. Мяркуючы па выглядзе, яму было каля пяцідзесяці.

— Я хачу запісацца на бокс, — голас Рыны гучаў крыху няўпэўнена, і яна амаль ненавідзела сябе за гэтую маленькую слабасць.

Але лысы незнаёмец нечакана цёплым тонам паведаміў:

— Добра, што ты зайшла. Секцыя камплектуецца. Як ты пра нас даведалася?

— У школе сказалі.

— Ясна. Мяне клічуць Міхась Мечыслававіч. Прозвішча Шоцік. Я тут трэнер. А ты хто?

— Рына. Прозвішча Радкевіч.

— Ты што, дачка Рыгоркі Радкевіча?

— Так, гэта мой тата.

Міхась Мечыслававіч доўга маўчаў. Потым ён глыбока ўздыхнуў і пляснуў у ладкі.

— Мы з тваім бацькам былі ў зборнай. Спачатку, памятаю, пабіліся ў распранальні. А потым на ўсіх сустрэчах — сябры. З мужыкамі бывае такое: спачатку сабачымся, а потым як сваякі. Хоць, мы ўсё роўна моцна спарынгавалі. Я бачыў яго перад паездкай у Афган…

Міхась Мечыслававіч не дагаварыў, рэзка павярнуўся і пайшоў у каморку за пальчаткамі.

***

Прайшло тры гады. У пахмурны летні дзень Рына спарынгавала з Таняй. Дзяўчынкі пазнаёміліся ў секцыі і пасябравалі. Але на рынгу, як сказаў ім Міхась Мечыслававіч, сяброўству няма месца.

Рына працавала другім нумарам. Таня хутка набліжалася да суперніцы, каб загнаць яе ў кут. Гэта была амаль сапраўдная бойка, але дзяўчыны хавалі слабыя месцы ў амуніцыі.

Рына адыходзіла ў бок і спрабавала дастаць Таню моцным ударам справа, але прапусціла контратаку. Кулак Тані ўляцеў у вобласць печані. Цела напоўнілася жарам і асаблівым, ні з чым не параўнальным, болем. Рына з усіх сіл старалася схаваць свой стан. Але Таня адчула поспех. У яе сапраўдны інстынкт байца. Яна кінулася наперад. Зноў прабіла ў корпус. Рына выдала прыглушаны стогн і апусцілася на калена.

— Добра. На сёння хопіць, — Міхась Мечыслававіч быў задаволены.

Сышоўшы з рынга Таня весела пляснула сяброўку па плячы.

— Чаму ты не выкарыстоўвала каронку? — голас Тані высокі і звонкі, амаль дзіцячы, хоць у яе недзіцячая сіла, квадратны твар, маленькія, глыбока пасаджаныя вочы, і вялізныя кулакі.

— Дык ты яе чакала. Левы хук са скачком.

— Дакладна! Чакала! — Таня пацвердзіла і хітра прыжмурылася. — Рыхтавала контратаку. Зараджалася з левай у жывот.

Таня пасміхнулася. Яна весела праспявала, на ламанай ангельскай, модную песню Мадоны, патанчыла, а затым пайшла ў распранальню.

Рына думала пра ўсё, што адбылося ў рынгу. Магчыма, лёс проста не дазваляў ёй перамагчы. Гэта такое простае тлумачэнне. Лёс даў Тані больш, чым Рыне. У Танюшкі ёсць сіла, хуткасць, праца ног. Сяброўка выйгравала амаль у кожным спарынгу. Яна дачка Міхася Мечыслававіча. Яна трэніравалася з дзяцінства. Па-сапраўднаму. Не проста апранала пальчаткі і нязграбна біла тату па далонях. Таня працавала на снарадах і шмат займалася боем з ценем. Міхась Мечыслававіч не быў падобны да бацькi Рыны. Трэнер Шоцік хацеў, каб яго дачка захапілася боксам, хоць астатнія члены сям'і актыўна супраціўляліся баявой будучыні. Таня моцная. І ўсё ж, левы хук можна данесці. Трэба толькі зрабіць перад ім тры-чатыры фінты.

Таня заўсёды была бязлітасная на рынгу, але заўсёды клапацілася аб Рыне за канатамi. Яна адводзіла сяброўку ў кавярню, і там частавала ўсім, на што хапала грошай. Марозіва, размовы пра хлопчыкаў, дзявочыя закаханасці ў спевакоў і акцёраў. Іх таемны сусвет. Каралеўства сябровак, захопленых адной мэтай.

Таня была нашмат мацнейшая за ўсіх дзяўчынак секцыі. Толькі Рына магла зрэдку перамагчы дачку трэнера ў блізкім спарынгу. Але Таня не бачыла ў Рыне сапраўднай канкурэнткі і з дзяцінства верыла, што аднойчы стане чэмпіёнкай.

***

Праз год Рына і Таня сустрэліся на моладзевым першынстве. Абедзве дзяўчынкі выйшлі ў фінал. Трэнер Шоцік абраў каманду дачкі. Рыне дапамагаў запрошаны спецыяліст з суседняга горада.

Міхась Мечыслававіч вельмі ганарыўся сабой. Цяпер адна з яго выхаванак стане чэмпіёнкай. Перад боем ён увайшоў у распранальню Рыны.

— Ты мне як дачка, Рынуся. Эх, шкада, што тытул толькі адзін. Няхай пераможа наймацнейшая.

Трэнер пагладзіў вучаніцу па роўным праборы ў каштанавых валасах і пільна паглядзеў у блакітныя вочы Рыны.

Першыя тры раунды Рына літаральна бегала па рынгу. Перад ёй быў бязлітасны і засяроджаны твар Тані. Вакол шумны натоўп. Святло сафітаў над дзяўчатамі. Абарона на нагах — даволі эфектыўная. Але Таня ўсё ж даганяла ўхілістую саперніцу. Рына адчувала, што пачынае запавольвацца ад прапушчаных удараў. Занадта шмат ляцела ў рэбры. Дыхавіца, боль у страўніку, млоснасць… Таня ўпэўнена насядала. Магутны правы крос рассек Рыне губу. Кроў палілася на сінюю футболку.

Кульмінацыя. Цяпер, або ніколі! Рына зрабіла два фінты пярэдняй рукой, ледзь прыкметна вывела наперад правае плячо. Таня хутка закрылася ад правага ўдару, але Рына на скачку выкінула левы хук, які патрапіў суперніцы ў сківіцу. Удар патрос Таню. Спружыністы насціл рынга мякка падкінуў цела дзяўчыны… Адлік рэферы і рэдкі, у жаночым боксе, накаўт. Роў натоўпу. Мутны позірк Тані. Сафіты…

«Купі сукенку і чытай кнігі ў парку» — так яны заўсёды раілі. Маці і бабуля былі супраць заняткаў Рыны. Супраць заняткаў будучай чэмпіёнкі.

Наступныя два тыдні Таня не з'яўлялася ў секцыі, а калі Рына спытала Міхася Мечыслававіча пра сяброўку, ён ціха прабасіў:

— Схадзі да яе.

Доўгая дарога праспекта прывяла Рыну да мэты. Знакаміты ў горадзе шэры дом з выявай Алімпійскага Мішкі на фасадзе. Брудны пад'езд. Выклік ліфта. Пяты паверх. Пстрыканне замкоў. Першы… другі…

— Чаго ты хочаш?

Голас Тані гучаў ціха і злосна. Халодны позірк чорных вачэй, калоў, як рапіра.

— Ну, вось, я прыйшла цябе праведаць, — прамармытала Рына і паставіла правую нагу за левую. — Чаму б табе не пайсці на трэніроўку?

— Я больш не пайду… Ды і наогул… Не твая справа! Зразумела?

Не твая сабачая! — Таня закрычала і тупнула нагой.

— Таня… — паспела прашаптаць Рына, але дзверы адразу ж гучна грукнулі і зашчоўкалi замкамі.

— Прэч! Пайшла адсюль! Шкыньдзёхай! — пракрычала Таня з-за дзвярэй.

— Таня, адчынi! Ну, адчыні, прашу! — Рына загрукала ў дзверы натруджанымі кулакамі. — Адчынi…

Рына адчувала, што яе твар міжвольна зморшчыўся, а вочы пачалі невыносна гарэць ад слёз. Яна не змагла стрымацца і гучна заплакала, стоячы на пухіркавым кілімку.

***

— Добры дзень, Кацярына Рыгораўна.

Твар Алесі быў засяроджаны.

— Гатовая? — спытала Рына і палезла ў сваю спартыўную сумку.

— Так! Гатовая! — паведаміла выхаванка.

— Добра! Вось мае першыя пальчаткі! Патры, для поспеху.

Рына дастала з сумкі паношаныя пальчаткі чырвонага колеру. Алеся паглядзела на іх са здзіўленнем, але паслухалася рэкамендацыі і акуратна пацерла пашкоджаную паверхню пальцамі: тонкімі і далікатнымі, па мерках жаночага боксу.

Праз гадзіну Алеся выйшла ў рынг. Гул гледачоў, святло сафітаў. У зале стаяла пажылая маці Рыны. Вераніка Паўлаўна даўно змяніла сваё меркаванне наконт спартыўнай кар'еры дачкі. Маці ўжо за семдзесят, але яна не магла ўпусціць важны для Рыны момант. Пажылая жанчына ўсміхалася. Побач з ёй стары, згорблены Міхась Мечыслававіч і папрыгажэлая Таня ў скураных штанах. Усе машуць Рыне.

Прагучаў першы гонг пятага раунда, а потым раздаўся выбух — магутны ўдар Алесі. Левы хук са скачком. Марго адляцела на канаты. Рэферы адкрыў лік. Маргарыта знайшла ў сабе сілы, каб працягваць. Рэшта бою праляцела пад дыктоўку Алесі. Фінальны гонг. Рашэнне суддзяў.

— І перамогу атрымлівае… Алеся Марковіч, — люта пракрычаў вядоўца вечара.

Рука чэмпіёнкі ўзляцела над галавой. Радасныя Рына і Алеся сышлі з рынга.

— Я такая шчаслівая, — Таня абняла пераможцаў. — Гэта ўзровень. Віншуем! Чэмпіёнкі левага хуку!

— Выдатная праца, Рынуся, — цяжка дыхаючы і крыху шапялячы сказаў Міхась Мечыслававіч. — Хук са скачком. Я памятаю, як паказваў яго табе. Гэта была мая каронка, потым твая, а зараз, я бачу, Алесіна.

Таня засмяялася і ўзяла за руку бялявага хлопчыка. Ягору было дзевяць, але ён ужо вельмі моцна захапляўся баксёрскімі спаборніцтвамі. Пакуль у якасці гледача.

Таня адмовілася ад кар'еры і хутка выйшла замуж за паспяховага бізнэсмэна. У іх моцная сям'я і двое сыноў. Праз тры гады пасля іх сваркі, Таня прыехала ў госці да Рыны, прывезла з сабой торт «Птушынае малако» і бутэльку «Савецкага шампанскага». Былыя суперніцы памірыліся.

Рына пільна глядзела на Ягора і думала пра лёс. Яна магла прайграць бой з Таняй. Жыццё магло пайсці па-іншаму. У Рыны былі Вераніка Паўлаўна, выхаванцы, чэмпіёнскія паясы, Шоцікі, хворыя рукі… Але што б адбылося без левага хука са скачком? Магчыма, яна стала б жонкай якога-небудзь цікавага мужчыны… Рына не ведала.

Побач з ёй застаўся яе бацька. Яны разам на старой, засвечанай фатаграфіі. Там ён вечна вучыць сваю маленькую дачку баксіраваць. Яна не ведала, што б сказаў бацька, убачыўшы, як яго дзяўчынка стала чэмпіёнкай і паспяховым трэнерам. Усё яе жыццё — шлях да адной, галоўнай мэты. Маленькая чорна-белая мара зрабілася вялікай і маляўнічай рэчаіснасцю.

Усе пайшлі ў раздзявалку. Цёмны калідор нагадаў Рыне закуткі яе першай трэніровачнай базы.

— Дзякуй, — прашаптала Алеся. — Гэта ваша перамога, Кацярына Рыгораўна.

Прыглушанае, істэрычнае святло заліло твары чэмпіёнак. Рына зрабіла крок наперад і абняла Алесю. Абняла як дачку. Дачку, якой ніколі не было.

Птушкаед

Знаёмая Берэткінай моцна закрычала… Не! Нават не закрычала, а загаласіла! Твар Зіны нагадваў маску П'еро, а далоні самі цягнуліся да галавы, каб заціснуць рот. А калі рот быў заціснуты, на твары Зіны засталіся адны вочы. Вялізныя! Як у анімэ. Зінкіны рукі не змаглі заглушыць яе наймагутнейшы гук. Зіна працягвала выдаваць розныя «о-а-а-аў» і «ой-е-е-е-е». Нібы сігналізацыя.

Берэткіна не разумела Зінкінага жаху. Чаго такога страшнага ў звычайным павуку? Ён акуратна поўзаў па далоні Берэткінай і не збіраўся крыўдзіць людзей. Павук не быў атрутны. Ён не мог укусіць чалавека. Найзвычайны павук-сенакосец. Ды яшчэ і маленькі. Але Зікін страх быў патрэбны Берэткінай.

— Ух ты, якая брыдота, — нарэшце выдыхнула Зіна і ўсё ж спыніла катаванне гукам.

— Гэта яна не ад злосці, — патлумачыла Берэткіна мітусліваму павуку. — Гэта яна дурніца проста.

Продолжить чтение